БЕЛ Ł РУС

Сябар Усера Анатоль Вайцяхоўскі папрасіў дапамогі ў польскага суддзі-ўцекача Томаша Шміта

23.01.2026 / 16:23

Вінцэсь Клепачэня

Разам яны рыхтуюць дакументы для звароту ў пракуратуру Польшчы па справе аб гібелі Усера.

Томаш Шмыт і Анатоль Вайцяхоўскі. Фота: SzmydtTomasz / Facebook

Анатоль Вайцяхоўскі — былы прадпрымальнік, які ў 2023 годзе быў эвакуяваны «Байсолам» з-за палітычнага пераследу і стаў актывістам беларускай супольнасці Беластока. Нядаўна ён таемна вярнуўся ў Беларусь, забраўшы з сабой дакументы па крымінальнай справе свайго памерлага суседа Уладзіміра Усера, якога польскія ўлады падазравалі ў шпіянажы.

Сёння Вайцяхоўскі паведаміў, што звярнуўся па прававую падтрымку ў фонд «Польская праўда», заснаваны палякам-уцекачом Томашам Шмітам.

Згодна з інфармацыяй з кароткага відэа, якое Вайцяхоўскі апублікаваў на сваёй старонцы ў фэйсбуку, яны супольна рыхтуюць звароты ў Генеральную пракуратуру і іншыя дзяржаўныя органы Польшчы.

«Я як адзіны сведка гатовы даць паказанні аб затрыманні Уладзіміра Усера польскімі спецслужбамі», — заявіў мужчына.

Вайцяхоўскі адзначыў, што мае намер даць падрабязныя сведчанні польскай пракуратуры, паведаміць усе вядомыя факты і спрыяць вызначэнню ісціны, а таксама прыцягненню вінаватых да адказнасці ў адпаведнасці з польскім заканадаўствам.

«Я асабіста заняўся гэтым пытаннем і ўпэўнены, што ў бліжэйшы час вінаватыя панясуць заслужанае пакаранне», — дадаў ён.

Нагадаем, Томаш Шміт працаваў суддзёй Адміністрацыйнага ваяводскага суда ў Варшаве. У маі 2024 года ён збег у Беларусь і папрасіў палітычнага прытулку, які ў канцы года яму даў Лукашэнка. У Беларусі Шміт актыўна выступае ў дзяржаўных СМІ, працуе ў БелТА і заснаваў уласны фонд «Prawda Polska».

Чытайце таксама:

Анатоль Вайцяхоўскі спакойна прыехаў у Беларусь рэйсавым аўтобусам

«Быў галодны, як з Асвенціма, не еў ні мяса, ні гародніны». Што вядома пра смерць бабруйскага журналіста, на якога завялі крымінальную справу ў Польшчы

Польскі суддзя-перабежчык: «Ідыёты з Беларусі ніколі гэтага не зразумеюць. Цяпер я развітваюся»

Каментары да артыкула