У Францыі паведамілі падрабязнасці пра расійскі ценявы танкер, затрыманы ў Міжземным моры
Затрыманым танкерам аказаўся нафтавы танкер Grinch, які плыў з Мурманска пад фальшывым сцягам, паведаміла Міжземнаморская марская прэфектура Францыі.
Фота: x.com/EtatMajorFR
Затрыманне адбылося 22 студзеня ў моры Альбаран — на захадзе Міжземнага мора, недалёка ад Гібралтарскага праліва. Аперацыя праводзілася на падставе арт. 110 Канвенцыі ААН аб марскім праве і мела на мэце праверку сапраўднай прыналежнасці судна, бо яго падазравалі ў выкарыстанні фальшывага сцяга. У затрыманні танкера, акрамя Францыі, удзельнічала і Вялікабрытанія.
Фота: x.com/EtatMajorFR
Праверка дакументаў на борце пацвердзіла падазрэнні французскіх уладаў, таму справа была перададзена пракурору ў Марсэлі.
Фота: x.com/EtatMajorFR
Згодна з міжнародным правам і па патрабаванні пракурора танкер быў зняты з маршруту і ў суправаджэнні нацыянальнага флоту быў накіраваны на спецыяльную стаянку для далейшай праверкі.
З інфармацыі выдання BFMTV, танкер рухаўся пад сцягам Каморскіх астравоў, пад якім ён паказваецца і на сайтах адсочвання марскога руху. Танкер рэгулярна дастаўляў нафту ў порты Кітая і Індыі.
BFMTV таксама адзначае, што ў брытанскім спісе танкераў ценявога флоту Расіі ён вядомы пад назвай Grinch, а ў еўрапейскім і амерыканскім — як Carl.
Чытайце таксама:
Здабыча нафты ў Расіі ўпала да мінімуму за апошнія 16 гадоў
Францыя затрымала ў Міжземным моры танкер расійскага ценявога флоту
Германія ўпершыню не прапусціла танкер расійскага ценявога флоту праз свае тэрытарыяльныя воды
Трамп вырашыў захопліваць расійскія танкеры, бо Пуцін яго «стаміў»
Затрымаць сёння нафтавы танкер амерыканцам дапамаглі ўлады Венесуэлы. Трамп імі задаволены