БЕЛ Ł РУС

«Сядзеў ужо 50 сутак, затрымалі яго дзяўчыну і брата». Сукамернік расказаў пра радыёаматара, арыштаванага за здраду дзяржаве

22.01.2026 / 11:42

Вера Белацаркоўская

Мікіта Красько — адзін з радыёаматараў, якіх абвінавачваюць у шпіянажы і здрадзе дзяржаве. «Наша Ніва» пагутарыла з айцішнікам, які правёў 10 дзён у адной камеры з Мікітам і ведае, як таго раскручвалі па крыміналцы.

Мікіта Красько. Скрыншот СТБ

Міхась пазнаёміўся з Мікітам, калі адбываў суткі па палітычным артыкуле ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна. Гэта было ў верасні 2024 года:

«Мяне затрымалі 28 жніўня, праз некалькі дзён апынуўся ў «палітычнай» камеры ЦІПа. Ён там ужо сядзеў. Тады людзей там было не надта шмат, мо 4‑5 чалавек. Было больш лайтова — яны там і часопісы мелі, і пластыкавыя кубкі для вады. Але пасля пачалі ў тую камеру размяркоўваць больш людзей».

Міхась кажа, што максімальна ў той камеры падчас яго сутак было 23 чалавекі адначасова. Тады, вядома, умовы ў камеры зрабіліся больш жорсткімі.

На той час, успамінае Міхась, Мікіта сядзеў у ЦІПе ўжо каля 50 дзён. Атрымліваецца, Мікіту затрымалі недзе ў сярэдзіне ліпеня 2024-га.

Потым іншыя вязні даведаліся, што за краты кінулі не толькі Мікіту, але і ягоную дзяўчыну, і малодшага брата:

«Спачатку ён не казаў, што яго прэсуюць кадэбэшнікі. Расказваў пра сябе агульнымі словамі — маўляў, я як усе, забралі за рэпост і знайшлі бел-чырвона-белы сцяг у гаражы. Але хлопцы, якія сядзелі ў іншых камерах з яго малодшым братам, потым усё зразумелі. Той брат патлумачыў, што іх трымаюць за радыёаматарства.

Быў дзень, калі яго раніцай забралі на следчыя дзеянні і вярнулі толькі ўвечары, мы ўжо думалі, што яго там ледзь не катавалі ўвесь дзень. Ён пра гэта шмат не расказваў, бо, магчыма, яго запужвалі. Толькі казаў, што яго вазілі ў гараж, і гэта было часта — магчыма, прасілі паказаць, як ён там працаваў з радыё».

Міхась мяркуе, што дзяўчына і брат Мікіты трапілі за краты як закладнікі, каб можна было ціснуць на самога Мікіту. Суразмоўца ўспамінае, што іх затрымалі пазней за хлопца — верагодна, ён не пагаджаўся распавесці тое, што ад яго хацелі пачуць.

Міхась кажа, што правёў з Мікітам у камеры каля 10 дзён:

«Ён казаў, што сеў у чэрвені і быў паголены, а калі я яго бачыў, у яго была даўжэзная барада. Мы жартавалі — маўляў, ты яшчэ і палысеў, пакуль тут сядзеў? Шкадаваў, што за тое лета так і не пакупаўся на Мінскім моры».

Мікіту тым часам дадавалі ўсё новыя суткі арышту. Чарговыя з іх скончыліся, калі Міхась сядзеў з ім у адной камеры. Здавалася, што Мікіту выпусцілі, але ўвечары яго зноў вярнулі ў камеру — расказаў, што далі яшчэ 15 сутак. Разам з ранейшымі тэрмінамі атрымлівалася, што на Акрэсціна Мікіта правядзе як мінімум 65 сутак.

Тое, што Красько накідваюць суткі за суткамі, прымушала хвалявацца шмат каго з яго сукамернікаў — маўляў, і ім могуць даць новыя суткі. Уражвала і тое, колькі часу Мікіта ўжо за кратамі:

«Уявіце, ніякіх шпацыраў, ніякіх душаў, і хлопец так сядзіць 50 сутак. Гэта сапраўднае катаванне, можна так з глузду з’ехаць.

У нас хадзілі чуткі — маўляў, ім інкрымінуюць, быццам яны праслухоўвалі перамовы КДБ і прадавалі іх СБУ. Але хутчэй за ўсё, гэта тое, чым пужалі на допытах малодшага брата Мікіты».

Сюжэт пра «радыёаматараў-шпіёнаў» выйшаў на СТБ 15 студзеня 2026 года. У ім расказвалася, нібыта пад выглядам суполак радыёаматараў дзейнічала структура для перахопу сакрэтнай інфармацыі.

Усяго па справе затрымана сем чалавек, ім інкрымінуюць шпіянаж (арт. 358 КК) і здраду дзяржаве (арт. 356 КК).

Чытайце таксама:

Прапагандысты паказалі двух арыштаваных радыёаматараў — Мікіту Красько і Андрэя Рэпеція

Што вядома пра затрыманых радыёаматараў, якім пагражае аж да расстрэлу

Беластоцкі актывіст Анатоль Вайцяхоўскі, які цішком вярнуўся ў Беларусь, даў інтэрв’ю прапагандыстам

Каментары да артыкула