Улады Сірыі атрымалі перамогу над мясцовымі курдамі
Улады Сірыі і асноўныя курдскія ўзброеныя сілы дасягнулі маштабнага пагаднення аб інтэграцыі, якое павінна пакласці канец узброеным сутыкненням. Дамоўленасць прадугледжвае пераход курдскіх вайсковых і цывільных структур пад кантроль цэнтральнага ўрада пасля некалькіх дзён баёў, падчас якіх сірыйскае войска заняла шэраг тэрыторый, у тым ліку раёны з ключавымі нафтавымі радовішчамі, піша Reuters.
Прыхільнікі сірыйскіх уладаў скідаюць курдскі помнік у Рацы. Фота: AP Photo/Omar Albam
Пасланнік ЗША Том Барак назваў гэтае пагадненне пераломным момантам, аднак падкрэсліў, што яшчэ застаецца складаная праца дапрацоўкі ўсіх дэталяў поўнай інтэграцыі.
Умовы дамовы сталі сур’ёзным ударам для курдскіх Сірыйскіх дэмакратычных сіл (SDF), якія больш за дзесяць гадоў кіравалі паўаўтаномным рэгіёнам на паўночным усходзе Сірыі. Кіраўнік SDF Мазлум Абдзі пацвердзіў, што ягоная структура згадзілася вывесці сілы з дзвюх правінцый з перавагай арабскага насельніцтва — Дэйр-эз-Зорам, асноўным нафта– і збожжавытворчым рэгіёнам краіны, а таксама Ракай, дзе размешчаныя важныя гідраэлектрастанцыі на Еўфраце.
Раней SDF супраціўляліся ўваходжанню ў склад ісламісцкага ўрада, які кіруе Сірыяй пасля зрынання Башара Асада ў канцы 2024 года. Пагадненне з 14 пунктаў, апублікаванае прэзідэнцкай адміністрацыяй, падпісалі прэзідэнт Сірыі Ахмед аль-Шараа і Мазлум Абдзі.
Абдзі паведаміў, што ў панядзелак плануе сустрэчу з аль-Шараа ў Дамаску і пасля яе абяцае раскрыць падрабязнасці дамовы. Ён таксама падкрэсліў, што курдскі бок імкнецца захаваць дасягненні свайго рэгіёна і адзначыў, што канфлікт быў навязаны звонку.
Перамовы аб інтэграцыі цягнуліся некалькі месяцаў і павінны былі завяршыцца да канца 2025 года, але праз адсутнасць прагрэсу перараслі ў баявыя дзеянні. Новая дамоўленасць прадугледжвае спыненне сутыкненняў, хаця ў асобных раёнах яны яшчэ працягваліся.
Згодна з пагадненнем, байцы SDF будуць уключаныя ў структуры міністэрстваў абароны і ўнутраных спраў персанальна, а не цэлымі падраздзяленнямі. Акрамя таго, цэнтральны ўрад атрымае кантроль над памежнымі пераходамі, нафтагазавымі радовішчамі, а таксама турмамі і лагерамі з баевікамі «Ісламскай дзяржавы» і іх сем’ямі. Дамаск плануе ўзяць поўны кантроль над Дэйр-эз-Зорам і Ракай у найбліжэйшыя суткі-двое.
Разам з тым пагадненне прадугледжвае і пэўныя саступкі: курды змогуць прапаноўваць кандыдатуры на ключавыя пасады ва ўрадзе, а кіраўнік правінцыі Эль-Хасака будзе прызначацца па ўзаемнай згодзе. Таксама SDF абавязаліся выдаліць з рэгіёна ўсіх несірыйцаў, звязаных з Рабочай партыяй Курдыстана, цэнтрам дзейнасці якой з'яўляецца Турцыя.
Турцыя выказала надзею, што пагадненне паспрыяе стабільнасці і міру ў Сірыі і ўсім рэгіёне. ЗША ж апынуліся ў складанай сітуацыі паміж падтрымкай SDF як партнёра ў барацьбе з тэрарызмам і новым курсам на падтрымку цэнтральных уладаў у Дамаску.
Сітуацыя выклікае трывогу ў курдаў і з-за мінулых выпадкаў міжканфесійнага гвалту, калі ў розных рэгіёнах Сірыі гінулі сотні мірных жыхароў, што падрывае давер да новага ўрада.
Чытайце таксама:
ЗША нанеслі ўдары па ІДІЛ у Сірыі
Вялікабрытанія і Францыя нанеслі супольны авіяўдар па аб'ектах «Ісламскай дзяржавы» ў Сірыі
Восем чалавек загінулі, 21 паранены ў выніку тэракту ў мячэці ў сірыйскім Хомсе