БЕЛ Ł РУС

Фядута — Калеснікавай: Машанька, ці вярніцеся на Месяц, ці не вучыце жыць тых, хто стаміўся набіваць гузы ад чарговага наступання на граблі

19.01.2026 / 15:08

Nashaniva.com

Заява Марыі Калеснікавай аб неабходнасці дыялогу паміж Еўропай і Мінскам выклікала хвалю крытыкі. Былы палітвязень, палітолаг і літаратуразнаўца Аляксандр Фядута нагадвае: гандаль палітвязнямі — гэта не бізнэс-стратэгія, а цынічны механізм, які рэжым выкарыстоўвае дзесяцігоддзямі.

Аляксандр Фядута. Фота: LookByMedia

Калі ў чалавека псіхалогія бізнэсмена, ён зыходзіць з меркаванняў выгады (калі, зразумела, пры гэтым ён перастае быць чалавекам, але атрымлівае ў свае рукі ўсе механізмы, якія дазваляюць аднаасобна кантраляваць рынак).

Дональд Трамп бліскуча гандлюе санкцыямі. Ён кантралюе рынак санкцый амаль ва ўсім свеце; дакладней, ён мае на руках блакавальны пакет рынку санкцый, а таму паспяхова іх выкарыстоўвае.

Зараз Еўропе прапануюць уступіць у перамовы з чалавекам, які стоадсоткава кантралюе рынак рэпрэсій у Беларусі.

Разумна — з пункту гледжання таго, хто прапануе, хто зваліўся з Месяца і не памятае ўсіх папярэдніх спроб падобнага гандлю.

Калі чалавек кантралюе рынак стоадсоткава, ён заклапочаны толькі тым, каб у яго пастаянна быў у наяўнасці тавар, які карыстаецца попытам.

У нашым выпадку гандаль ішоў з зайздроснай рэгулярнасцю. І нават аб чымсьці дамаўляліся (нябожчык Уладзімір Макей, як вядома, быў майстрам «дагаварнякоў» такога кшталту). Але праходзіла некалькі гадоў, і рэпрэсіі аднаўляліся па нарастаючай.

Таму што за жывы тавар можна было выцыганіць нейкія саступкі. А механізм рэпрэсій кантраляваўся па-ранейшаму аднаасобна.

Машанька, або вярніцеся на Месяц, або не вучыце жыць тых, хто, падобна еўрапейцам, стаміўся набіваць гузы ад чарговага «наступання на граблі». А то мне Вас шкада становіцца.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула