Беларускі брамнік выйшаў гуляць у матчы НХЛ і прапусціў тры шайбы пасля трох кідкоў
Беларускі галкіпер хакейнага клуба «Філадэльфія Флаерз» Аляксей Коласаў страшэнна няўдала пачаў матч рэгулярнага чэмпіянату НХЛ супраць клуба «Нью-Ёрк Рэйнджэрс». Ён выйшаў на лёд у стартавым складзе, але ўжо да дзявятай хвіліны першага перыяду прапусціў тры шайбы, прытым пасля ўсіх кідкоў суперніка, што ляцелі ў ягоныя вароты.
Аляксей Коласаў. Фота: phantomshockey.com
Пры гэтым усе тры шайбы ўляцелі ў вароты Коласава на працягу ўсяго 80 секундаў. Не дзіўна, што пасля такога пачатку трэнерскі штаб «Флаерз» прыняў рашэнне замяніць беларуса ў варотах — на лёд выйшаў швед Самуэль Эрсан.
На момант замены лік быў 3:1 на карысць «Рэйнджэрс». Сустрэча праходзіць у Філадэльфіі на арэне «Уэлс Фарга-цэнтр».
Коласаў стаў асноўным галкіперам каманды з-за траўмы чэха Даніэля Владаржа. У папярэднім матчы супраць «Пітсбурга» ён з’явіўся на лёдзе па ходзе гульні і адбіў 13 з 16 кідкоў.
Да гэтага матча ў бягучым сезоне НХЛ беларускі варатар згуляў у трох сустрэчах, не здабыў ніводнай перамогі, меў каэфіцыент надзейнасці 2,69 і працэнт адбітых кідкоў 88,6. У Амерыканскай хакейнай лізе (АХЛ) у яго актыве 19 матчаў, 9 перамог, каэфіцыент надзейнасці 2,54, працэнт адбітых кідкоў 90,8 і два «сухія» матчы.
Чытайце таксама:
Беларускі абаронца змяніў клуб у НХЛ
20‑гадовы беларускі форвард падпісаў кантракт навічка з клубам НХЛ