У Мінску аўтаслесар узяў машыну на рамонт, а ездзіў на ёй сам
У Мінску аўтаслесар некалькі месяцаў карыстаўся аўтамабілем кліента, стаўшы ў выніку фігурантам крымінальнай справы, паведамляе мінская міліцыя.
Скрыншот з відэа
У Цэнтральнае РУУС горада Мінска звярнуўся мужчына з заявай аб угоне. Ён некалькі месяцаў таму перадаў сваю машыну аўтаслесару для рамонту і папярэдне аплаціў паслугі, але пасля сталі рабіцца дзіўныя рэчы.
Аднойчы ўладальнік машыны атрымаў паведамленне пра перавышэнне хуткаснага рэжыму і фота яго аўто, за рулём якога быў невядомы мужчына.
Праверка паказала, што 28‑гадовы аўтаслесар браў грошы за рамонт, а пасля некалькі месяцаў ездзіў на гэтай машыне па сваіх справах. Пры гэтым ён штотыднёва дасылаў уладальніку справаздачы аб нібыта выкананай працы, абяцаючы хутка вярнуць аўто.
Па факце здарэння распачатая крымінальная справа за ўгон транспартнага сродку.
Чытайце таксама:
Алкаголь, наркотыкі, угоны… Забавы прыяцеляў скончыліся крымінальнай справай
Двое падлеткаў у Пухавіцкім раёне на дзень народзінаў сяброўкі ўгналі аўтамабіль