Б'юці-блогерку з Гомеля асудзілі за палітыку
Настасся Янчык — тыктокерка, якая здымала агляды на касметыку і літаратуру, а таксама расказвала пра сваё змаганне з дэпрэсіяй. Нядаўна стала вядома, што дзяўчыну асудзілі паводле крымінальнага артыкула.
Настасся Янчык. Фота з яе інстаграма
Настассі Янчык 28 гадоў. Дзяўчына нарадзілася ў Гомелі, але на вучобу пераехала ў Мінск, скончыла Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт. Увесну 2023 года Янчык зарэгістравалася як індывідуальная прадпрымальніца.
Настасся вядзе блог аб прыгажосці і лайфстайле. У яе тыктоку больш за 21 тысячу падпісчыкаў і больш за мільён лайкаў. Дзяўчына рабіла агляды на кнігі, касметыку і шчыра дзялілася сваімі перажываннямі пра тое, як пераадольвае трывогу і дэпрэсію. У 2023 годзе яна таксама наведвала Кітай і пісала пра гэта.
Скрыншот аднаго з тыктокаў дзяўчыны
Настасся знікла з сацсетак на пачатку красавіка 2025 года. Яе затрымалі і змясцілі ў СІЗА на 8 месяцаў.
Янчык асудзілі ў Мінскім гарадскім судзе паводле частак 1 і 2 артыкула 361‑4 Крымінальнага кодэкса — «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці». Звычайна па гэтым артыкуле судзяць за паведамленні ў бот праекта «Беларускі Гаюн».
Дзяўчыне прысудзілі «хатнюю хімію», прысуд нядаўна ўступіў у сілу.
Чытайце таксама:
Што можа пагражаць тым, хто пісаў у бот «Беларускага Гаюна»? І што можна зрабіць цяпер
35‑гадовую айцішніцу з Брэста асудзілі за палітыку. Хутчэй за ўсё, па справе Гаюна