У Кітаі заўважылі амурскую тыгрыцу з пяццю тыгранятамі. Гэта ўнікальны выпадак ВІДЭА
У Нацыянальным парку тыграў і леапардаў на паўночным усходзе Кітая дзікая амурская тыгрыца была ўпершыню заўважаная з пяццю малымі. Звычайна ў самак тыгра нараджаецца ад аднаго да чатырох тыгранят, таму гэты выпадак унікальны, паведамляе выданне IFLScience.
Фота: Northeast China Tiger and Leopard National Park (NCTLP)
Як адзначаюць эксперты Сусветнага фонду дзікай прыроды (WWF), гэта «надзвычайная з’ява». Па словах кіраўніка глабальнай праграмы WWF па тыграх Сцюарта Чэпмана, гэта першы выпад у гісторыі назіранняў, калі ў Кітаі ўдалося зафіксаваць маці з пяццю дзіцянятамі.
Гэтай тыгрыцы прыкладна дзевяць гадоў, а яе нашчадкам ад шасці да васьмі месяцаў. Кадры былі зробленыя ў лістападзе 2025 года ў нацыянальным парку, які з’яўляецца найбуйнейшым запаведнікам для тыграў у свеце і крытычна важным месцам для жыцця амурскіх тыграў, што сёння знаходзяцца пад пагрозай знікнення.
Факт наяўнасці шасці дзікіх тыграў у адным кадры сведчыць пра эфектыўнасць кітайскіх прыродаахоўных мер. Урад Кітая і навукоўцы шмат гадоў працуюць над захаваннем гэтага віду, які знікае.
З’яўленне гэтай сям’і сімвалічнае, бо колькасць амурскіх тыграў у Кітаі цяпер павялічваецца пасля крытычна нізкага ўзроўню ў 20 асобін у 2010 годзе. Прыблізна палова дзікіх тыгранят не дажывае да двух гадоў нават у рэгіёнах з дастатковай для іх колькасцю ежы.
Сёння амурскія тыгры ўваходзяць у адну з найбуйнейшых папуляцый тыграў у свеце, хоць у 1930‑х гадах гэты від апынуўся на мяжы знікнення. Асноўная частка папуляцыі жыве на расійскім Далёкім Усходзе.
Чытайце таксама:
На Гродзеншчыне паказалі, як зімой падкормліваюць зуброў
У Бабруйскім раёне казуля нечакана выйшла да людзей ФОТАФАКТ
Кузуркі — пажыўная і экалагічная ежа. Чаму ж людзі не хочуць іх есці?
Ва Уроцлаўскім заапарку маленькі алень напаў на вялізнага насарога ВІДЭА