ЗША могуць прымяніць сілу ў Іране на працягу 24 гадзін
ЗША пачалі часова адводзіць частку свайго персаналу з вайсковых баз на Блізкім Усходзе пасля таго, як Іран папярэдзіў суседнія краіны, што ў выпадку ўдару Вашынгтона ягоныя аб’екты могуць быць атакаваныя. Гэта адбываецца на фоне найбуйнейшых унутраных пратэстаў у Іране за апошнія дзесяцігоддзі, піша Reuters.
Дэманстрацыя ў падтрымку іранскіх пратэстоўцаў у Берліне. Фота: AP Photo/Ebrahim Noroozi
Пратэсты пачаліся як дэманстрацыі супраць цяжкага эканамічнага становішча, але хутка перараслі ў масавыя выступы супраць клерыкальнага рэжыму. Паводле розных крыніц, колькасць загінулых складае ад 2400 да 2600 чалавек, а затрыманых — больш за 18000.
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп неаднаразова пагражаў умяшацца ў сітуацыю, падтрымаўшы пратэстоўцаў. Ён абяцаў «вельмі моцныя дзеянні», калі Іран распачне рэпрэсіі супраць дэманстрантаў, і заклікаў іранцаў працягваць пратэсты ды захопліваць дзяржаўныя ўстановы, сцвярджаючы, што дапамога ўжо ў дарозе.
Дакладныя планы і час магчымых удараў застаюцца невыразнымі, але некалькі заходніх афіцыйных асоб прагназуюць, што ўмяшанне можа адбыцца ў найбліжэйшыя 24 гадзіны.
Іранскі чыноўнік на ўмовах ананімнасці паведаміў, што Тэгеран папрасіў суседнія краіны — Саудаўскую Аравію, ААЭ і Турцыю — паспрыяць, каб ЗША не праводзілі атакі, і папярэдзіў, што амерыканскія базы ў гэтых краінах могуць стаць цэллю, калі ўдары ўсё ж адбудуцца. Прамыя кантакты паміж міністрам замежных спраў Ірана Абасам Аракчы і спецпасланнікам ЗША Стывам Уіткафам былі прыпыненыя.
ЗША маюць у рэгіёне некалькі ключавых аб’ектаў: штаб-кватэру Цэнтральнага камандавання ў Катары (Al Udeid) і штаб Пятага флоту ў Бахрэйне. Катар заявіў, што частковы адвод персаналу з базы адбываецца «ў адказ на цяперашнюю напружанасць у рэгіёне». Брытанія таксама пачала часова адводзіць частку сваіх супрацоўнікаў з авіабазы ў Катары. Пакуль, аднак, няма сведчанняў пра масавы вывад войскаў, як гэта адбылося перад іранскім ракетным ударам у мінулым годзе.
Іранскія ўлады абвінавачваюць ЗША і Ізраіль у стымуляванні пратэстаў і называюць удзельнікаў «узброенымі тэрарыстамі». У той жа час яны спрабуюць паказаць, што сітуацыя застаецца пад іх кантролем: дзяржаўнае тэлебачанне паказвае кадры масавых пахаванняў у Тэгеране, Ісфахане, Бушэры і іншых гарадах, дэманструючы падтрымку вярхоўнаму лідару Алі Хаменэі. У той жа час прэзідэнт краіны Масуд Пезешкіян заявіў, што пакуль урад мае падтрымку народа, усе намаганні ворагаў будуць марнымі.
Паводле ацэнкі заходніх афіцыйных асоб, хоць маштаб пратэстаў і ўзровень гвалту ўражваюць, сітуацыя пакуль не сведчыць пра крах ўрада. Сілавыя структуры Ірана па-ранейшаму знаходзяцца пад кантролем, а асноўныя структуры бяспекі дзейнічаюць надзейна. Праблемай застаецца абмежаваны доступ да інфармацыі праз адключэнне інтэрнэту, што ўскладняе дакладную ацэнку сітуацыі.
Чытайце таксама:
Чым цяперашнія пратэсты ў Іране адрозніваюцца ад папярэдніх
Трамп заклікаў іранцаў захопліваць дзяржаўныя будынкі. «Дапамога ўжо блізкая!»
ЗША ўзважваюць наступны крок у дачыненні да Ірана — і сутыкаюцца са складаным выбарам
Трамп заявіў пра перасячэнне Іранам чырвонай лініі
Дональд Трамп апублікаваў пост пра гатоўнасць ЗША дапамагчы Ірану