БЕЛ Ł РУС

35‑гадовую айцішніцу з Брэста асудзілі за палітыку. Хутчэй за ўсё, па справе Гаюна

14.01.2026 / 9:0

Nashaniva.com

Алена Кулікова працавала ў кампаніі Kernelics і займалася тэсціраваннем праграмнага забеспячэння. 

Алена Кулікова. Фота з яе тэлеграма

Алена нарадзілася 26 ліпеня 1990 года ў Брэсце. Скончыла мясцовыя школу №9, гімназію №1 і абласны ліцэй імя Машэрава. Вышэйшую адукацыю атрымала ў Беларускім гандлёва-эканамічным універсітэце спажывецкай кааперацыі па спецыяльнасці «інфармацыйна-вылічальныя сістэмы», які скончыла ў 2014-м.

Алена трапіла на размеркаванне сістэмным адміністратарам у Дрыбінскае раённаё спажывецкае таварыства, дзе працавала ў 2014—2016 гадах. Пазней яна вярнулася ў Брэст і перайшла ў IT-сферу: амаль чатыры гады адпрацавала QA-інжынерам у кампаніі Tectus Media. Апошнія пяць гадоў Алена працавала аддалена ў кампаніі Kernelics на пазіцыі QA Specialist.

Яна цікавіцца рок-музыкай, у прыватнасці, творчасцю гурта Neverlove, пра які шмат пісала. Асабліва Алена любіць катоў: ратавала іх і рэгулярна дзялілася карцінкамі з катамі. Яшчэ Алена вяжа цацкі для сябе і сяброў.

Кулікова знікла ў чэрвені 2025 года і вярнулася анлайн толькі ў канцы снежня 2025-га. Верагодна, яе трымалі ў СІЗА да суда.

Алену Кулікову асудзілі ў Брэсцкім абласным судзе. Ёй інкрымінавалі часткі 1 і 2 артыкула 361‑4 Крымінальнага кодэкса — «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці».

Дзяўчыне прысудзілі «хатнюю хімію», але дакладны прысуд невядомы. Імаверна, пераслед звязаны са справай Гаюна.

Чытайце таксама:

24‑гадовую фатографку-анімалістку і ветэрынарку з Гомеля асудзілі за паклёп на Лукашэнку і па «народным» артыкуле

Што можа пагражаць тым, хто пісаў у бот «Беларускага Гаюна»? І што можна зрабіць цяпер

Папулярную тыктокерку з Лунінца, якая ратавала бяздомных жывёлінаў, асудзілі за палітыку

Каментары да артыкула