БЕЛ Ł РУС

Паноў, ды не той. У расійскім пасольстве на Кіпры знайшлі мёртвым не таго чалавека, пра якога казалі раней

13.01.2026 / 16:36

Nashaniva.com

Як стала вядома рэсурсам «ВЧК ОГПУ» і Rucriminal.info, у пасольстве Расіі на Кіпры быў знойдзены мёртвым супрацоўнік Службы знешняй разведкі (СЗР) Антон Паноў, які працаваў крыптографам дыпламатычнай місіі. У той жа час трэці сакратар пасольства РФ Аляксей Паноў, якога «пахавалі» раней, прынамсі ўчора ўвечары быў жывы і здаровы.

Пасольства Расіі на Кіпры

Паводле звестак «ВЧК-ОГПУ», менавіта цела Антона Панова без прыкмет жыцця было знойдзена на тэрыторыі дыпмісіі. Супрацоўнікі пасольства не дапусцілі туды мясцовыя сілавыя структуры. Мяркуецца, што крыптограф мог скончыць жыццё самагубствам.

У савецкі час Паноў вучыўся ў школе пры групе савецкіх войскаў у Германіі, пасля — у ліцэі для адораных дзяцей з моцным фізіка-матэматычным ухілам. Далей у яго біяграфіі назіраюцца значныя прабелы, і зноў ён з’яўляецца, паводле ўцечак, ужо як супрацоўнік НТЦ «Атлас», які абслугоўвае спецслужбы і спецыялізуецца на распрацоўках у сферы камп’ютарнай бяспекі і крыптаграфіі. Наступным месцам працы стала МЗС Расіі. Аднак тыя ж уцечкі сведчаць пра цесную сувязь Панова з яго рэальным месцам службы — в/ч 33949, што адпавядае Службе знешняй разведкі.

Згодна з публікацыямі яго сваякоў у сацыяльных сетках, узімку 2025 года Антон Паноў адпачываў у Сочы на Краснай Паляне, летам быў з сям’ёй у Маскве, а ў «аксамітны сезон» ужо знаходзіўся на Кіпры. Новы год ён разам з жонкай Наталляй (паводле ўцечак, раней яна працавала ў гатэлі «Прэзідэнт») сустрэлі ў Нікасіі.

Паводле ўскосных звестак, Антон Паноў быў заўзятым гульняманам і пастаянна рабіў стаўкі на спартыўныя падзеі.

Чытайце таксама:

Расійскі дыпламат, які загінуў на Кіпры, хутчэй за ўсё, працаваў на ГРУ. Магчыма, ён хацеў перабегчы на Захад

Расійскага дыпламата на Кіпры знайшлі мёртвым пасля знікнення Баўмгертнера

На Кіпры знік Уладзіслаў Баўмгертнер, былы гендырэктар «Уралкалія». Яго затрымлівалі па скандальнай справе ў Мінску

Каментары да артыкула