Трамп назваў сябе «выканаўцам абавязкаў прэзідэнта Венесуэлы»
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп апублікаваў у сацыяльнай сетцы Truth Social пост, у якім назваў сябе «выканаўцам абавязкаў прэзідэнта Венесуэлы». Ён размясціў падробленую старонку Вікіпедыі з уласным афіцыйным партрэтам, дзе сцвярджалася, што ён узначальвае не толькі ЗША, але і Венесуэлу.
Дональд Трамп. Фота: Win McNamee / Getty Images
На самай справе ў рэальнай Вікіпедыі Трамп пазначаны толькі як дзейны прэзідэнт Злучаных Штатаў са студзеня 2025 года.
Заява Трампа стала працягам ягоных слоў пра тое, што ЗША фактычна кантралююць Венесуэлу пасля таго, як 3 студзеня амерыканскі спецназ правёў аперацыю па захопе прэзідэнта краіны Нікаласа Мадура. Яго разам з жонкай вывезлі з рэзідэнцыі ў Каракасе і даставілі ў Нью-Ёрк.
Такое фота з'явілася на старонцы Дональда Трампа ў Truth Social
У інтэрв’ю The New York Times Трамп заявіў, што Злучаныя Штаты могуць кіраваць Венесуэлай і карыстацца яе нафтавымі рэсурсамі на працягу доўгага часу. На пытанне, ці ідзе гаворка пра некалькі месяцаў або год, ён адказаў, што кантроль можа працягвацца «значна даўжэй». Па словах прэзідэнта ЗША, толькі час пакажа, як доўга Вашынгтон будзе ажыццяўляць прамы нагляд за краінай з насельніцтвам каля 28,5 мільёна чалавек.
У Венесуэле з такой пазіцыяй не згодныя. Часовая кіраўніца краіны Дэлсі Радрыгес заявіла, што ўлада належыць народу і канстытуцыйнаму ўраду, а краінай працягвае кіраваць урад прэзідэнта Мадура, пакуль ён знаходзіцца ў палоне. Тым не менш урад Венесуэлы паведаміў пра намер пачаць дыялог з ЗША для аднаўлення дыпламатычных адносін. Таксама было пацверджана, што прадстаўнікі Дзярждэпартамента ЗША ўжо наведалі Каракас, а венесуэльскі бок разглядае магчымасць візіту ў Вашынгтон. Трамп сцвярджае, што Радрыгес цалкам супрацоўнічае з ЗША.
Аперацыя па захопе Мадура выклікала рэзкую крытыку з боку лідараў краін Паўднёвай Амерыкі. На гэтым фоне Трамп таксама выступіў з пагрозамі ў адрас іншых дзяржаў рэгіёна. Некалькі дзён таму ён заявіў, што ЗША плануюць пачаць наземныя ваенныя аперацыі ў Мексіцы супраць наркакартэляў, аднак канкрэтных тэрмінаў і маштабаў гэтых дзеянняў не назваў.
Чытайце таксама:
Трамп пагражае Кубе: Заключыце здзелку, пакуль не позна
«Грубы імперыялізм». З'явіўся аналіз новай палітыкі ЗША вачыма лукашэнкаўскіх сілавікоў
Перад аперацыяй захопу Мадура Ватыкан прасіў пра ягоную эвакуацыю ў Расію
Лукашэнка пра выкраданне Мадура: Гэта саступка Трампа вайскоўцам за Афганістан