Расійскія сістэмы СПА падчас аперацыі ЗША ў Венесуэле аказаліся ні да чаго не прыдатнымі
The New York Times паведамляе, што расійскія сістэмы супрацьпаветранай абароны, пастаўленыя Венесуэле, аказаліся фактычна непрыдатнымі падчас амерыканскіх удараў, якія папярэднічалі аперацыі ЗША па захопе прэзідэнта краіны Нікаласа Мадура. Паводле выдання, падчас аперацыі 3 студзеня комплексы C-300 і «Бук-М2» нават не былі падключаныя да радараў і не маглі эфектыўна рэагаваць на пагрозу.
Расійскі комплекс C-300. Здымак ілюстрацыйны. Фота: Wikimedia Commons
Як сцвярджаюць былыя амерыканскія чыноўнікі і аналітыкі, венесуэльскія сістэмы СПА не былі звязаныя паміж сабой і, магчыма, не працавалі ўжо некалькі гадоў. Аналіз фотаздымкаў, відэа і спадарожнікавых даных паказаў, што частка элементаў комплексаў знаходзілася на складах і не была прыведзена ў баявую гатоўнасць. Амерыканскія войскі найперш наносілі ўдары па месцах захоўвання і размяшчэння зенітных комплексаў «Бук», у тым ліку каля Каракаса.
Адзін з удараў адбыўся ў партовым горадзе Ла-Гуайра. Мясцовыя ўлады заяўлялі, што атака была накіраваная на склады з лекамі, аднак на відэа былі бачныя рэшткі пускавых установак «Бук» і абломкі ракет. Падобныя ўдары зафіксавалі і ў суседніх гарадах, а таксама на авіябазах, дзе былі знішчаныя як пускавыя ўстаноўкі, так і камандныя пункты комплексаў СПА.
Паводле амерыканскіх крыніц, Венесуэла мела сур’ёзныя праблемы з абслугоўваннем расійскіх сістэм з-за недахопу спецыялістаў і запчастак, патрэбных Расіі ва Украіне. Не выключаецца, што Масква свядома дапусціла заняпад гэтых узбраенняў, каб не справакаваць прамое сутыкненне з ЗША. Збіццё амерыканскага самалёта магло б мець сур’ёзныя наступствы для Крамля.
Венесуэльскія вайскоўцы, паводле аналітыкаў, дапусцілі цэлы шэраг памылак: сілы не былі рассяроджаныя, радары не былі актываваныя, а сістэмы — уведзеныя ў строй. У выніку СПА краіны не ўяўляла істотнай пагрозы і дазволіла ЗША дзейнічаць амаль бесперашкодна.
Таксама адзначаецца, што Венесуэла амаль не выкарыстоўвала расійскія пераносныя зенітныя комплексы «Ігла-С», нягледзячы на заявы Мадура пра іх вялікую колькасць. Пасля некалькіх пускаў амерыканская авіяцыя нанесла жорсткія ўдары ў адказ, што, на думку чыноўнікаў ЗША, магло адбіць у венесуэльскіх вайскоўцаў жаданне карыстацца гэтымі сістэмамі.
Чытайце таксама:
Салаўёў заклікае пачаць «СВА» ў Арменіі
Трамп пагражае Кубе: Заключыце здзелку, пакуль не позна
Перад аперацыяй захопу Мадура Ватыкан прасіў пра ягоную эвакуацыю ў Расію
«Грубы імперыялізм». З'явіўся аналіз новай палітыкі ЗША вачыма лукашэнкаўскіх сілавікоў