Малады ксёндз беларусізаваў парафію на радзіме Францішка Багушэвіча
Праз месяц пасля таго, як у каталіцкай парафіі ў Жупранах Ашмянскага раёна новым пробашчам стаў ксёндз Артур Ляшнеўскі, можна гаварыць пра першыя плады яго дзейнасці. Адзін з вернікаў заўважыў, што нездарма ў сцяну гэтага касцёла ўмураваны партрэт Францішка Багушэвіча, піша Katolik.life.
Раней вернікі Смаргоні, дзе да гэтага служыў святар, звярталіся з адкрытым лістом і выказвалі сваю заклапочанасць тым, што маладога энергічнага ксяндза адправілі служыць з горада ў вёску, дзе амаль няма дзяцей і моладзі.
Аказалася, гэта не так — на здымках з Жупранаў можна заўважыць і дзяцей, і моладзь. Пры новым пробашчу з'явіўся паблік парафіі ў Instagram, дзякуючы якому можна сачыць за дзейнасцю святара: ён выкладае відэа з імшы, пазнавальныя і вясёлыя ролікі.
Яшчэ адно новаўвядзенне стала нечаканасцю для парафіянаў. Пра яго расказаў у Threads адзін з вернікаў.
«Ксёндз вядзе службы на беларускай мове. Не ўпэўнены, ці быў за 150 гадоў гісторыі гэтай святыні беларускамоўны пробашч. На маёй памяці дык дакладна не», — напісаў карыстальнік сацсеткі.
Ён дадаў:
«На тэлевізары паказваюць сцэнар імшы па-беларуску. Для мясцовых вернікаў гэта нязвыкла, польская імша ад зубоў адскоквае, а беларуская гучыць незвычайна іншапланетна ў гэтым асяроддзі. Але мне спадабалася. Ксёндз шчыры, адкрыты, усміхаецца».
Аўтар заўважыў, што ў сцяну гэтага касцёла ўмураваны партрэт Францішка Багушэвіча, які «загадваў нам не пакідаць мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі — цудоўна, што ён зараз будзе яе чуць рэгулярна».
Чытайце таксама:
У Мінску з’явяцца два новыя каталіцкія храмы
Калядную службу ў каталіцкай парафіі Брэсцкай вобласці правёў святар з Індыі
У Сапоцкіне пачалі рамонт мясцовага касцёла пасля пажару
Гістарычную капліцу аднаўляюць у Стоўбцах. Якой яна будзе, «залежыць ад фінансавання»