БЕЛ Ł РУС

Былога зенітчыка з Бабруйска асудзілі за палітыку. Ён актыўны вернік-баптыст

10.01.2026 / 13:16

Nashaniva.com

Анатоль Рыбак, які ў мінулым быў кадравым вайскоўцам, а пасля адстаўкі са службы спрабаваў сябе ў бізнэсе і стаў актыўным вернікам, нядаўна атрымаў прысуд. Яго абвінавацілі ў «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці».

Анатоль Рыбак. Фота з ягонай старонкі ў фэйсбуку

Анатолю Рыбаку 54 гады. Ён родам з вёскі Смаляны Аршанскага раёна, але школу скончыў у вёсцы Даколь Глускага раёна Магілёўскай вобласці.

У 1993 годзе ён скончыў Мінскае вышэйшае інжынернае зенітнае ракетнае вучылішча ПВА і ў званні маёра быў накіраваны ў 147‑ы зенітны ракетны полк у Бабруйску (вайсковая часць 96869). Служыў там прынамсі да канца нулявых, а пасля выйшаў на пенсію.

Пасля завяршэння вайсковай кар'еры Анатоль спрабаваў адкрыць сваю справу: у жніўні 2013 года зарэгістраваў ІП, сферамі дзейнасці якога пазначаныя тэхнічнае абслугоўванне і рамонт камп'ютарнай тэхнікі. Праўда, бізнэс праіснаваў нядоўга і ўжо праз дзесяць месяцаў прадпрымальніцтва было ліквідавана.​ Пасля гэтага ён спрабаваў сябе ў розных сферах — напрыклад, сеткавым маркетынгу, а таксама займаўся тэхнікай як наёмны работнік.

Важную ролю ў жыцці Рыбака адыгрывае рэлігія. Ён актыўны вернік «Царквы Дабрадзейнасцi Гасподняй» — адной з найстарэйшых суполак евангельскіх хрысціян-баптыстаў у Бабруйску. 

Супраць былога вайскоўца распачалі крымінальную справу паводле ч. 1 і 2 арт. 361‑4 КК («Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»). Падобна, што пераслед звязаны са справай Гаюна, але дакладныя абставіны невядомыя.

Рыбака судзілі ў Магілёўскім абласным судзе. Прысуд — хімія з накіраваннем ці калонія. Дома Анатоля чакае жонка.

Чытайце таксама:

Найлепшы архівіст Беларусі — 2020 аднойчы данёс на суседзяў. У 2025‑м яго самога асудзілі за палітыку

Фізіка з Інстытута ядзерных праблем асудзілі за палітыку. Ён распрацоўваў мадэлі суперкалайдараў і перакладаў Ubuntu на беларускую

Я выдаліў Telegram-акаўнт. Я ў бяспецы?

Каментары да артыкула