Летні саміт G7 перанясуць, каб даць Трампу адсвяткаваць юбілей
Францыя вырашыла перанесці саміт лідараў краін G7, каб ён не супаў з мерапрыемствамі, запланаванымі ў ЗША на дзень нараджэння Дональда Трампа, паведамляе выданне Politico са спасылкай на чыноўнікаў, якія маюць дачыненне да арганізацыі саміта.
Дональд Трамп. Фота: Win McNamee/Getty Images
Першапачаткова саміт павінен быў пачацца 14 чэрвеня — у Дзень сцяга ЗША і ў дзень 80‑годдзя прэзідэнта Дональда Трампа. Аднак у кастрычніку Трамп абвясціў, што ў гэты ж дзень на тэрыторыі Белага дома адбудзецца турнір па змешаных адзінаборствах UFC, які можа сабраць да пяці тысяч гледачоў.
Каб пазбегнуць накладкі, Францыя, як сцвярджаюць крыніцы Politico, змяніла даты правядзення саміту. Цяпер сустрэча лідараў «Групы сямі» запланаваная на 15—17 чэрвеня.
У офісе прэзідэнта Францыі Эманюэля Макрона не пацвердзілі, што перанос непасрэдна звязаны з мерапрыемствам UFC. Там адзначылі, што новы графік стаў вынікам кансультацый з партнёрамі па G7. Пасольства ЗША ў Парыжы аператыўных каментароў па гэтым пытанні не давала.
У матэрыяле таксама нагадваецца, што ў мінулым годзе Дональд Трамп адзначыў свой дзень нараджэння вайсковым парадам з нагоды 250‑годдзя арміі ЗША. У той жа час па ўсёй краіне прайшлі масавыя пратэсты пад лозунгам «Ніякіх каралёў», удзельнікі якіх крытыкавалі палітыку Трампа і абвінавачвалі яго ў аўтарытарызме.