БЕЛ Ł РУС

Расіяне нанеслі ўдар па Львоўскай вобласці. Падазраюць «Арэшнік»

9.01.2026 / 01:57

Nashaniva.com

У Львове ўвечары 8 студзеня пасля абвяшчэння паветранай трывогі прагрымелі выбухі. Пасля стала вядома, што пад удар трапіў аб'ект крытычнай інфраструктуры ў вобласці. Пра гэта паведамілі мэр Львова Андрэй Садовы і кіраўнік Львоўскай абласной ваеннай адміністрацыі Максім Казіцкі.

Скрыншот з відэа

«Пасля абвяшчэння паветранай трывогі ў Львове была чутная серыя выбухаў. Зараз высвятляем, што менавіта адбылося, ці былі гэта прылёты і ў якім раёне. Працуем з усімі службамі», — сказаў Андрэй Садовы.

У сваю чаргу Максім Казіцкі ў 00:06 паведаміў, што на Львоўшчыне пад атакай быў аб'ект крытычнай інфраструктуры:

«На Львоўшчыне атацы падвергнуўся аб'ект крытычнай інфраструктуры. Больш інфармацыі — потым».

Украінскія медыя паведамляюць, што атакаваць спрабавалі Стрыйскае газавае радовішча і газасховішча ў Львоўскай вобласці.

Апоўначы па ўсёй тэрыторыі Украіны была абвешчаная ракетная небяспека праз пагрозу запуску балістычных ракет з палігона Капусцін Яр у Астраханскай вобласці. Праз некаторы час пасля гэтага і былі зафіксаваныя выбухі ў Львоўскай вобласці.

Мяркуючы па відэа, якія з’яўляюцца ў сеціве, Расія магла ўдарыць па Львоўшчыне «Арэшнікам» без баявой часткі. Гэтак жа сама было і ў першы раз пры прымяненні гэтага тыпу зброі ў 2024 годзе, калі быў удар па Дняпры.

Афіцыйна ўлады, аднак, прымяненне гэтага тыпу зброі пакуль не пацвярджалі.

Чытайце таксама:

Мінабароны паказала, як «Арэшнік» заступаў на баявое дзяжурства

Даследчыкі знайшлі месца ў Беларусі, дзе базуецца «Арэшнік»

Зяленскі: «Арэшнік» у Беларусі нясе глабальную пагрозу

Лукашэнка не прэтэндуе на больш чым дзясятак «Арэшнікаў»

Ва Украіне заявілі, што знішчылі адзін расійскі «Арэшнік» проста на палігоне

Каментары да артыкула