БЕЛ Ł РУС

У Японіі на пасаду начальніка чыгуначнай станцыі афіцыйна прызначылі котку

8.01.2026 / 23:1

Nashaniva.com

Трохколерная котка па мянушцы Ёнтама стала кіраўніцай станцыі Кісі, якая знаходзіцца ў прэфектуры Вакаяма. Урачыстая цырымонія адбылася 7 студзеня, паведамляе выданне Kyodo.

Фота: kyodonews.net

Падчас мерапрыемства прэзідэнт Вакаямскай электрычнай чыгункі Міцунобу Кадзіма асабіста ўручыў котцы імянны медаль, які пацвярджае ейны новы статус і тытул. Такім чынам Ёнтама афіцыйна заступіла на сваю «службу».

Новая начальніца стала працягам унікальнай мясцовай традыцыі. Чыгуначная лінія Кісігава вядомая ва ўсёй Японіі тым, што з 2007 года на станцыях працуюць пухнатыя «супрацоўнікі». Іх асноўная роля — сустракаць пасажыраў, ствараць утульную, добразычлівую атмасферу і прыцягваць увагу да чыгункі. Касцюм начальніка станцыі з маленькай фуражкай ужо даўно стаў адметным сімвалам гэтага рэгіёна. Першай такой «начальніцай» станцыі ў 2007 годзе стала котка на мянушку Тама.

На ўрачыстасць сабраліся прыхільнікі з розных куткоў краіны. Адна з госцяў выказала спадзяванне, што каціныя начальнікі і надалей будуць «ахоўваць» лінію Кісігава і прыносіць ёй поспех.

Фота: kyodonews.net

Падчас цырымоніі Міцунобу Кадзіма адзначыў, што разлічвае на «лідарскія якасці» новай супрацоўніцы. Паводле ягоных слоў, гэта асабліва важна цяпер, калі мясцовыя чыгункі перажываюць перыяд значных змен.

Гэтая традыцыя ўжо прынесла лініі Кісігава сусветную вядомасць. Турысты з розных краін прыязджаюць у прэфектуру Вакаяма адмыслова дзеля таго, каб убачыць знакамітых пухнатых службоўцаў у іх урачыстай форме.

Чытайце таксама:

У Японіі заплацілі каля 3,2 мільёна даляраў за блакітнага тунца. Гэта рэкорд

Дзвюх апошніх пандаў вышлюць з Японіі ў Кітай

Японцы дагэтуль не займаюцца сэксам. І ніхто не ведае чаму

Каментары да артыкула