Уласнік захопленага расійскага танкера ў Атлантыцы — бізнэсмен з Крыма
Нафтавы танкер Marinera (ранейшая назва — Bella 1), захоплены Еўрапейскім камандаваннем Узброеных сіл ЗША, належыць расійскай кампаніі «Бурэвестмарын». Яе дырэктар і адзіны ўладальнік — прадпрымальнік з анексаванага Крыма Ілля Бугай.
Пра гэта сведчаць даныя Глабальнай інтэграванай сістэмы суднаходнай інфармацыі Міжнароднай марской арганізацыі (ІМО) і ЕГРЮЛ, з якімі азнаёмілася «Новая газета Европа».
Кампанія была зарэгістраваная ў Разані ўсяго паўгода таму. Аднак, відаць, яна сапраўды вяла дзейнасць у сферы марскіх перавозак: на сайтах пошуку працы можна знайсці некалькі вакансій кампаніі, апублікаваных у 2025 годзе, звязаных з суднаходствам.
З 2018 года Бугай таксама займае пасаду генеральнага дырэктара кампаніі «Руснафтахімгандаль», якая спецыялізуецца на гандлі нафтапрадуктамі. У 2020 годзе кампанія атрымала выручку 4 млрд расійскіх рублёў (каля 50 млн даляраў), аднак пазней даходы рэзка скараціліся, і ў 2024 годзе (апошнія даступныя даныя) кампанія зафіксавала страты.
Паводле інфармацыі з яго сацыяльных сетак, у 2008 годзе Бугай скончыў Крымскі федэральны ўніверсітэт, а цяпер жыве ў Маскве.
Захоп Marinera
7 студзеня Еўрапейскае камандаванне Узброеных сіл ЗША абвясціла пра захоп нафтавага танкера на поўначы Атлантычнага акіяна, недалёка ад узбярэжжа Ісландыі. Пагоня за суднам пачалася яшчэ ў снежні 2025 года, калі танкер спрабаваў наблізіцца да берагоў Венесуэлы. Тады судна ішло пад сцягам Гаяны (у базе ІМО ён пазначаны як «фальшывы») і мела назву Bella 1.
Праз некалькі дзён, ужо падчас пагоні, судна змяніла сцяг на расійскі, а назву — на Marinera. Паводле даных Reuters, у момант захопу танкер суправаджала расійская ваенная падводная лодка.
Расія спрабавала абараніць Marinera і па дыпламатычных каналах, аднак безвынікова.
У Белым доме заявілі, што Marinera ўваходзіць у «ценявы флот» Венесуэлы і займаецца транспартаваннем нафты ў абыход амерыканскіх санкцый. Судна было арыштаванае на падставе ордэра, выдадзенага амерыканскім судом. Экіпаж Marinera, паводле слоў прэс-сакратаркі Белага дома Кэралайн Левіт, «пры неабходнасці» даставяць у ЗША для правядзення судовага працэсу.
Чытайце таксама:
Амерыканскія дэсантнікі высадзіліся на танкер Marinera, які падчас пагоні змяніў сцяг на расійскі
ЗША захапілі яшчэ адзін танкер ценявога флоту. Гэта ўжо другое затрыманае судна за апошнюю гадзіну
Белы дом пагражае судзіць у ЗША экіпаж захопленага танкера. Масква пацвердзіла, што на борце расіяне