БЕЛ Ł РУС

Чаховіч адказаў Севярынцу: Гамафобія — прадукт лагернага мыслення homo sovieticus, а не хрысціянская каштоўнасць

6.01.2026 / 19:53

Nashaniva.com

Архітэктар Уладзіслаў Чаховіч на сваёй старонцы ў фэйсбуку раскрытыкаваў інтэрв’ю Паўла Севярынца ў «Току»: дэмагогія, адарванасць ад рэальнасці і ідэалізацыя мінулага.

Павел Севярынец і Настасся Роўда падчас інтэрв'ю. Скрыншот з відэа

У некалькі заходаў глядзеў «Ток» з Севярынцам, але так і не здолеў дагледзець да канца і, відаць, ужо не буду спрабаваць. Не бачу сэнсу. Сёння яшчэ і «Радыё Свабода» апублікавала вялікае інтэрв’ю з ім.

Севярынец быццам бы гаворыць складна і ўпэўнена, але ўжо пасля паловы інтэрв’ю з’яўляецца ўражанне, што гэта проста пусты флуд. І нібыта нейкія ідэі выказваюцца, і агульная рэлігійна-кансерватыўная лінія прысутнічае, а ўсё адно — суцэльнае пустаслоўе.

А галоўнае — як палітык ён жыве ў выдуманым свеце, які не мае амаль нічога агульнага з рэальнасцю. Гэта трагедыя і смерць для любога палітыка. На жаль, гэта бяда ўсёй «старой гвардыі» беларускай апазіцыі: яна або захрасла ва ўласных траўмах і падзеях (даўно) мінулых дзесяцігоддзяў, або жыве ў Беларусі, якой не існуе і ніколі не існавала.

У Севярынца гэтым фэнтэзійным светам, вядома, з’яўляецца «хрысціянская Беларусь». Хрысціянская дэмакратыя — маргінальная палітычная плынь у Беларусі не таму, што хадэкі нейкія «кончаныя» людзі ці што іх проста выціснуў рэжым Лукашэнкі, а таму, што ў беларускім грамадстве рэлігія выведзена за палі.

Палова беларусаў не вераць у Бога, абсалютная большасць наведвае храмы толькі на вялікія святы — асвяціць яйкі, паставіць свечку і пайсці дадому.

Рэлігія не адыгрывае ніякай ролі ў паўсядзённым жыцці краіны, нягледзячы на масавае храмабудаўніцтва апошніх гадоў. Можна вінаваціць у гэтым «кляты савок», але ў многіх еўрапейскіх краінах, дзе ніколі не было бальшавізму, узровень рэлігійнасці прыкладна той самы. Гэта натуральны працэс.

Рэлігія перастала даваць адказы і надзею, а хрысціянская дэмакратыя страціла сэнс, бо любая палітычная сіла — ад камунізму да нацызму, а тым больш звычайныя кансерватызм, лібералізм, сацыялізм і цэнтрызм — у рознай ступені вырастаюць з хрысціянскага веравучэння. Інакш і быць не магло, бо хрысціянства стагоддзямі было адзінай маральнай асновай Еўропы.

Асабіста я лічу, што сацыялізм — найбліжэйшая палітычная плынь да вучэння Хрыста, але ў амерыканскіх правых, напрыклад, іншы погляд на гэта вучэнне і яго «практычную рэалізацыю». Хрысціянская дэмакратыя, якая прапаноўвала нешта сярэдняе, у момант, калі рэлігійнасць у Еўропе сышла на нішто, перастала прапаноўваць нешта адрознае ад цэнтрызму, кансерватызму і лібералізму.

Так што ў бязвернай Беларусі Севярынец — лідар найменшай меншасці сярод меншасці. Але паколькі ён быў актыўным апазіцыянерам, яму надавалася дыспрапарцыйна большая медыйная ўвага, чым яго палітычная партыя магла б атрымаць нават у найлепшым для сябе сцэнары пры дэмакратычным рэжыме.

Слухаць гэтыя прамовы пра «хрысціянскую Беларусь» без слёз складана. «БХД помсцілі за тую паспяховую працу, якую мы вялі яшчэ да 2020 года. 600 гадоў хрысціянская дэмакратыя кіравала Беларуссю — гэта быў залаты век».

Гэта ж абсалютна бессаромнае прымазванне да падзей сівой мінуўшчыны, каб неяк апраўдаць сваё існаванне. Залаты век — гэта калі спальвалі за атэізм, а абсалютная большасць насельніцтва жыла ў галечы, пакуль магнатэрыя шыкавала? Такі «залаты век» прапануюць нам сёння хадэкі?

І што гэта за «паспяховая праца» БХД да 2020 года — яна з намі цяпер у адным пакоі? Праца была настолькі паспяховай, што большасць маіх знаёмых увогуле не ведаюць пра існаванне такой партыі і такога палітыка, а тыя, што ведаюць, перапытваюць: «гэта той гамафоб з вусамі?» Можна зразумець, што ва ўласных вачах кожны — ого-го, але рэчаіснасць з гэтымі ўяўленнямі не супадае.

Палітызаваная бурбалка, вядома, можа абурыцца: як гэта — не ведаць? Але навошта ведаць пра тое, што не ўплывае і не можа паўплываць на тваё жыццё? Вяршыняй славы сталі пратэсты супраць інтэграцыі з Расіяй у канцы 2019 года, а пасля — убогія праймерыз, на якіх Севярынец аскандаліўся, не здолеўшы прыняць паразу сярод сваіх жа. І ўсё гэта канула ў лету на фоне падзей 2020-га, якія адбыліся не ў працяг і не дзякуючы чыёйсьці «папярэдняй паспяховай працы», а самі па сабе, пакінуўшы «старую гвардыю» ў экзістэнцыяльнай фрустрацыі і разгубленасці не меншай, чым у самога рэжыму Лукашэнкі.

Вядома, не абышлося і без пытанняў пра стаўленне да ЛГБТ (хоць падазраю, што інтэрв’ю «Радыё Свабоды» якраз абышлося без вострых кутоў, мяркуючы па захопленых водгуках яго супрацоўнікаў ад асобы Севярынца).

«Яны вось так бачаць каханне» — класічная рэлігійная перакананасць, што сэксуальная арыентацыя — гэта выбар, а не біялагічная прадвызначанасць. Абсалютная большасць прадстаўнікоў ЛГБТ ненавідзела сябе і хацела б вярнуцца да гетэрасексуальнай «нармальнасці», калі б гэта было магчыма, у момант, калі сапраўдная прырода пачала праяўляцца ў час палавога саспявання. І тут узнікае дылема хрысціяніна: ісці супраць таго, якім цябе стварыў Бог, бо твая сутнасць не даспадобы такім, як Севярынец, ці прыняць сваю прыроду?

Калі гаворка заходзіць пра гей-прайды, Севярынец кажа, што яны яму не падабаюцца, але калі яму нагадваюць пра свабоду сходаў, гучыць цудоўнае «магчыма, ёсць свабода сходаў», за якім чытаецца: «але пры нас, магчыма, і не будзе».

Свабода сходаў — гэта не пра «магчыма», а пра абавязак дэмакратыі. Калі вы супраць свабоды сходаў, то, магчыма, вы не за хрысціянскую дэмакратыю, а за хрысціянскую аўтакратыю.

Летась ад тых, хто пагражаў беларускім удзельнікам прайдаў, мы чулі аргументацыю супраць беларускай сімволікі на прайдзе: «не за гэта нашы ваяры змагаюцца», «ганьба нацыянальнаму сцягу», «з-за вас людзей катуюць у турмах», «гэта чужое для беларускай культуры». Адказы Севярынца чакана прымыкаюць да тых самых наратываў: «каб прапаганда не выкарыстоўвала — лепш не падымаць, не раздзімаць», «для Беларусі з яе хрысціянскім гістарычным стрыжнем гэта не частка нацыянальнай ідэі».

Можна, канешне, пачаць з таго, што «нацыянальная ідэя» — вынаходніцтва расійскіх ідэолагаў, прызначанае замяніць савецкую ідэалогію пасля распаду СССР, але ладна, як моўная фігура дапушчальна. Але мы зноў вяртаемся да фэнтэзійных канструктаў кшталту «хрысціянскага гістарычнага стрыжня».

Хрысціянская вера не робіць чалавека добрым, гэтак жа як атэізм не робіць яго благім. Усё вырашае маральны выбар.

Еўрапейская мараль сапраўды ў значнай ступені сфармаваная на хрысціянскіх ідэях. Франка, Салазар, Піначэт — усе яны былі веруючымі хрысціянамі, але не прытрымліваліся хрысціянскай этыкі ў сваёй палітычнай практыцы. На Божым судзе, калі ён будзе, хутчэй праведныя атэісты трапяць у рай, чым такія вернікі.

Беларусь — не адзіная краіна, што вырасла з хрысціянскай традыцыі. З яе вырасла кожная еўрапейская краіна, нават тыя, што сёння вызнаюць іслам, як Албанія. І калі адкрыць карту Еўропы, лёгка ўбачыць: большасць еўрапейскіх краін з хрысціянскай спадчынай, у тым ліку Германія, на поспех хрысціянскай дэмакратыі ў якой часта спасылаецца Севярынец, прызнаюць аднаполыя шлюбы. Нават праваслаўная Грэцыя. І ідэалагічны раскол, за рэдкімі выключэннямі, праходзіць па мяжы былога ўсходняга камуністычнага блока, а наступная мяжа, дзе шлюбы прама забароненыя, супадае з межамі СССР узору 1939 года. Вось і ўвесь «хрысціянскі стрыжань».

Гамафобія — прадукт лагернага мыслення homo sovieticus, а не хрысціянская каштоўнасць. І ідэалогія Севярынца і БХД, якія нібыта адстройваюцца ад бальшавіцкай імперыі зла, на справе з’яўляецца яе інвертаваным злепкам, што ўсё роўна захоўвае гэты след.

Я не бачу тых глыбінь і каштоўнасцяў, пра якія кажа [Дзмітрый] Гурневіч. Я бачу адарванасць ад рэальнасці, разгубленасць у поглядах, адсутнасць дэмакратычнага стрыжню і сарамлівае прыхоўванне ўласных траўмаў за міфічнай «хрысціянскай большасцю». Пакуль ён праходзіў «курсы Божага ўніверсітэта», свет пайшоў далей — а ён са сваёй партыяй так і застаўся за палямі.

Чытайце таксама:

«Ток» з Севярынцам: пра знаёмства з Ціханоўскім, прыход Калеснікавай, стаўленне да Бабарыкі і прэтэнзіі Зянона Пазняка

«Кучаравенькая, з флейтай»: Севярынец расказаў, пра ўдзел Марыі Калеснікавай у Маладым фронце

«Гэты хлопец, відаць, падасланы — у яго боты начышчаныя»: Севярынец расказаў гісторыю з’яўлення Дашкевіча ў «Маладым фронце»

Севярынец пра сваю гісторыю кахання: Гэта нетыпова для сённяшняга свету

«Паша, я табе не веру». Севярынец расказаў, як выпадковая дзяўчына матывавала яго назаўсёды перайсці на беларускую мову

Каментары да артыкула