БЕЛ Ł РУС

Літоўскія перавозчыкі рыхтуюць калектыўны пазоў супраць свайго ўрада з-за захраслых у Беларусі грузавікоў

5.01.2026 / 16:25

Nashaniva.com

Літоўская асацыяцыя перавозчыкаў Linava рыхтуе калектыўны пазоў супраць свайго ўрада з-за грузавікоў, якія захраслі на беларускай мяжы з мінулага года. Па словах прэзідэнта асацыяцыі Эрландаса Мікенаса, да пазову далучыліся больш за 100 кампаній, піша Delfi.lt.

Здымак ілюстрацыйны. Фота: «Наша Ніва»

Як паведамляецца, сітуацыя застаецца нязменнай: грузавікі ў Літву ўсё яшчэ не вярнуліся, а ад літоўскага ўрада ці ад Беларусі ніякай інфармацыі адносна іх лёсу няма. Асацыяцыя дапамагае перавозчыкам знайсці юрыдычную падтрымку і вызначыць, з якой фірмай будуць супрацоўнічаць для падрыхтоўкі пазову.

На пачатковым этапе Linava плануе шукаць мірныя рашэнні праз юрыстаў, а ў выпадку няўдачы будуць выкарыстоўвацца іншыя метады. На сустрэчы з прадстаўнікамі Міністэрства транспарту было вырашана, што галоўнае — дапамагчы грузавікам вярнуцца, а не лічыць іх дакладную колькасць.

Перавозчыкі адзначаюць, што хоць МЗС нібыта працуе над праблемай, яны пакуль не атрымліваюць ніякай канкрэтнай інфармацыі. 

Паводле Linava, у Беларусі могуць знаходзіцца каля 4000 зарэгістраваных у Літве транспартных сродкаў. Літоўская мытня давала зусім іншыя лічбы: 185 транспартных сродкаў з літоўскімі нумарамі на мяжы.

Чытайце таксама:

Прэзідэнт Linava: Праблема літоўскіх фур у Беларусі будзе вырашацца толькі ў наступным годзе

Літоўская асацыяцыя перавозчыкаў прызнала, што не ведае, колькі грузавікоў цяпер затрымана ў Беларусі

Міністр юстыцыі Літвы: Калі Беларусь канфіскуе грузавікі, Вільні давядзецца прыняць меры ў адказ

Каментары да артыкула