Прэзідэнт Калумбіі заявіў, што будзе бараніцца са зброяй у руках ад ЗША
«Сябры не бамбяць», — адзначыў прэзідэнт Калумбіі.
Густава Петра ў свой час быў адным з кіраўніком леварадыкальнай партызанскай групоўкі і быў арыштаваны за нелегальнае валоданне зброяй. Фота: Florence Lo — Pool / Getty Images
Прэзідэнт Калумбіі Густава Петра паабяцаў «узяць у рукі зброю» пасля пагроз з боку ўладаў ЗША і захопу венесуэльскага лідара Нікаласа Мадура. Пра гэта ён напісаў на сваёй старонцы ў X.
«ЗША — першая краіна ў свеце, якая за ўсю гісторыю чалавецтва бамбіла сталіцу Паўднёвай Амерыкі. Нават Нетаньяху, Гітлер, Франка ці Салазар гэтага не рабілі, — напісаў ён. — Канстытуцыя абавязвае ўзброеныя сілы абараняць дзяржаўны суверэнітэт. Хоць я не быў салдатам, я ведаю пра вайну і тайныя аперацыі. Я прысягнуў ніколі больш не браць у рукі зброю пасля мірнага пагаднення 1989 года, але дзеля нацыі я зноў вазьмуся за зброю, нават калі мне гэта не спатрэбіцца», — сказаў ён.
Петра падкрэсліў, што не з’яўляецца нелегальным імігрантам і не займаецца наркатрафікам; у яго ўласнасці — толькі адзін дом, а ўсе даходы былі абнародаваныя. Паводле яго слоў, Лацінская Амерыка павінна аб’яднацца, «інакш да яе будуць ставіцца як да слугі і раба, а не як да жыццёва важнага цэнтра свету».
«Сябры не бамбяць», — адзначыў Петра.
Учора Дональд Трамп выказаўся наконт Калумбіі:
«Калумбія таксама вельмі хворая. Ёй кіруе хворы чалавек, які любіць вырабляць какаін і прадаваць яго Злучаным Штатам, і ён не зможа доўга гэтым займацца», — сказаў ён.
У адказ на пытанне, ці будзе аперацыя ЗША супраць Калумбіі, Трамп заявіў, што гэта здаецца яму «добрым варыянтам».
Чытайце таксама:
«Дапусціў росквіт наркакартэляў». ЗША ўвялі санкцыі супраць прэзідэнта Калумбіі Густава Петра