Каракас за 30 хвілін. ЗША захапілі Мадуру з яго жонкай і вывезлі іх з Венесуэлы
Аперацыя суправаджалася ўдарамі па ўстаноўках СПА Венесуэлы і вайсковых аб'ектах.
«Злучаныя Штаты Амерыкі паспяхова правялі маштабны ўдар па Венесуэле і яе лідарах. Прэзідэнт Мадура разам са сваёй жонкай быў затрыманы і вывезены з краіны. Аперацыя была праведзена ў каардынацыі з праваахоўнымі органамі ЗША. Падрабязнасці будуць паведамленыя пазней. Сёння аб 11‑й гадзіне раніцы ў Мар-а-Лага адбудзецца прэс-канферэнцыя», — напісаў Трамп у сацсетках.
Як паведамляе CBS News, Мадура быў захоплены элітным падраздзяленнем спецыяльнага прызначэння «Дэльта». Аперацыя суправаджалася ўдарамі па ўстаноўках СПА Венесуэлы і вайсковых аб'ектах.
Пазней CNN паведаміла, што Мадуру з жонкай схапілі проста ў спальні. «Пару захапілі сярод ночы, калі яны спалі», — кажуць крыніцы выдання.
63‑гадовы Нікалас Мадура ўзначальваў Венесуэлу з 2013 года. Захад не прызнаваў вынікі выбараў, згодна з якімі ён пераабіраўся на новыя тэрміны.