БЕЛ Ł РУС

ГУР раскрыла падрабязнасці інсцэніроўкі гібелі камандзіра РДК, за якую атрымала $500 тысяч ад заказчыкаў ВІДЭА

2.01.2026 / 16:33

Nashaniva.com

Галоўнае ўпраўленне разведкі Украіны (ГУР) раскрыла падрабязнасці спецаперацыі, падчас якой была інсцэніраваная гібель камандзіра «Рускага добраахвотніцкага корпуса» Дзяніса Капусціна. Для пераканання расійскіх спецслужбаў быў зняты відэазапіс удару дронаў па мікрааўтобусе, за які, як сцвярджае ГУР, яны атрымалі паўмільёна даляраў.

Відэа інсцэніроўкі «гібелі» камандзіра РДК. Скрыншот відэа

У афіцыйным паведамленні ГУР гаворыцца, што мэтай складанай шматэтапнай спецаперацыі было захаванне жыцця камандзіра РДК і выкрыццё варожай агентурнай сеткі. Аперацыю праводзіў спецназ ГУР «Спецпадраздзяленне Цімура».

Каб падтрымаць легенду пра гібель Капусціна, украінскія разведчыкі стварылі відэазапіс працы двух ударных дронаў.

«Першы беспілотнік уляцеў у мікрааўтобус, у якім нібыта знаходзіўся Капусцін, другі зафільмаваў «наступствы ўдару» — палаючы аўтамабіль», — гаворыцца ў паведамленні ўкраінскай разведкі.

Паводле інфармацыі ГУР, заказчыкі ў расійскіх спецслужбах паверылі ў паказанае відэа і аплацілі «замову».

«Аплацілі ўкраінскім разведчыкам «замову» — паўмільёна даляраў, якія істотна ўзмоцняць баявыя магчымасці спецназаўцаў ГУР», — адзначылі ў ведамстве.

Нагадаем, 27 снежня 2025 года ў афіцыйных каналах РДК з'явілася паведамленне пра тое, што на запарожскім напрамку фронту падчас выканання баявога задання загінуў камандзір Дзяніс «WhiteRex» Капусцін.

Аднак 1 студзеня 2026 года ГУР апублікавала відэа, на якім Капусцін з'явіўся жывы разам з кіраўніком разведкі Кірылам Буданавым. Тады і стала вядома, што яго гібель была часткай спецаперацыі па зрыве рэальнага замаху на яго жыццё.

Чытайце таксама:

Камандзір РДК Дзяніс Капусцін жывы. Яго смерць была інсцэніроўкай

Загінуў камандзір Рускага добраахвотніцкага корпуса Дзяніс Капусцін

Каментары да артыкула