«Як там нашы праціўнікі, сапернікі і ворагі?» Перад навагоднім зваротам Лукашэнка дэманстратыўна пазваніў Хрэніну
Перад самым Новым годам са сваім традыцыйным штогадовым зваротам да беларусаў выступіў Аляксандр Лукашэнка. А перад зваротам у эфіры БТ была разыграная спецыяльная сцэнка.
Прапагандысты паказалі, што нібыта перад тым, як ісці выступаць у студыю — вядома, што зварот запісваецца загадзя, — Лукашэнка набірае па ўрадавай сувязі нумар міністра абароны Віктара Хрэніна і пытаецца ў яго:
«Ну, як ты жывеш там? Як там нашы праціўнікі, супернікі і, не дай бог, ворагі? Ну, ты ж разумееш, у кагосьці свята, хтосьці адзначае, а нам з табой не да святаў. Трэба ўсё бачыць, што адбываецца».
Пасля гэтага, перадаўшы праз Хрэніна прывітанне «ўсім людзям у пагонах», Лукашэнка нібыта пайшоў рабіць свой зварот.
У самім звароце нічога арыгінальнага ён не сказаў. Як звычайна ў падобных зваротах, Лукашэнка гаварыў пра мірную і бяспечную будучыню для ўсіх краін і народаў і казаў дзякуй «велізарнай беларускай сям'і», пачынаючы ад «нашых працаўнікоў, якія падарылі краіне рэкордны ўраджай» і «людзей у пагонах, на плячах якіх трымаецца наш мір».
Звычайнай была таксама і апеляцыя да складанай міжнароднай сітуацыі:
«Нас спрабавалі прымусіць жыць па чужых законах, дзяліць на «правільных» і «няправільных», правяраць на трываласць эканамічнымі бурамі і палітычным націскам, не разумеючы таго, што ў Беларусі ёсць тое, што нельга ў яе адабраць. Гэта наша звычка трымацца разам, нашай беларускай талакой».
Апаненты, маўляў,
«ніяк не зразумеюць, што мы прывыклі ствараць, а не ламаць. Аб'ядноўваць, а не распальваць. Размаўляць, а не крычаць. І гэта не слабасць — гэта наша сіла, адтуль, ад продкаў».
Беларусам ён параіў наступнае:
«Перад тым як падняць бакалы, прашу вас, дзе б вы ні былі — у Браславе ці Лоеве, у Хоцімску ці Маларыце, — падумайце: «Што я зраблю ў новым годзе для сваёй Беларусі?» Дайце ўсяго адно абяцанне і, паверце, краіна зменіцца. Якасць нашага жыцця вырасце».
Пасля таго ён нагаварыў шмат кампліментаў жанчынам, заявіўшы, што «без любові да жанчыны, дзяўчыны сапраўднай любові быць не можа», і ўрэшце прыйшоў да таго, што «надышоў час аддаць належнае іх асаблівай ролі ў нашым жыцці і аб'явіць 2026 год Годам беларускай жанчыны».