БЕЛ Ł РУС

Вялікі «Зубр» і пустая Плошча. Гісторыя жыцця Андрэя Пятрова

30.12.2025 / 21:24

Nashaniva.com

«Нулявыя» гады гэтага стагоддзя не былі «мірнымі» і «бесклапотнымі», піша ў сябе ў фэйсбуку колішняя гомельская актывістка Яўгенія Парашчанка, вядомая таксама як пісьменніца Югася Каляда. Да ўгодкаў смерці Андрэя Пятрова, былога сустаршыні Маладога фронту, яна прыгадвае часы вялікіх парыванняў і цяжкіх выпрабаванняў для іх пакалення.

Першы з'езд Маладога Фронту ў верасні 1997 года. Андрэй Пятроў трымае сцяг

Сёння, 30 снежня, — роўна год без Андрэя. Толькі праз год у мяне назапасіліся сілы напісаць нешта змястоўнае ў памяць пра яго. Рэч нават не ў тым, што пры асабістай страце кожны ўспамін кроіць сэрца без нажа. Той час, калі Андрэй дзейнічаў як палітычны актывіст, — гэты час балюча ўзгадваць у прынцыпе.

Я маю на ўвазе выбарчую кампанію 2001 года і дзень выбараў — 9 верасня. Але калі распавядаць, то трэба браць больш шырока: канец дзевяностых — пачатак нулявых.

Андрэй Пятроў (як і я; як і мае бліжэйшыя сябры, і ўсё маё кола зносін на той час) належаў да хвалі моладзевага актывізму, народжанай пратэстамі 1996 года — «Гарачай менскай вясной»: з масавымі акцыямі, масавымі арыштамі, крывавым збіццём пратэстоўцаў, перакуленай машынай міліцыі… На той самай хвалі, спачатку як ініцыятыва дапамогі арыштаваным, узнікла, напрыклад, вядомая цяпер праваабарончая арганізацыя «Вясна» (спачатку яна называлася «Вясна-96»); а моладзь у Менску самаарганізавалася і заснавала «Малады Фронт», які вельмі хутка ахапіў усю Беларусь; і ў верасні 1997 года МФ зладзіў устаноўчы з'езд. Каб зразумець маштаб: на ўстаноўчым з'ездзе МФ выступаў, напрыклад, Сямён Шарэцкі. […]

Андрэй Пятроў быў з тых, хто ўвайшоў у кіраўніцтва «Маладога Фронту»; фактычна, адным са стваральнікаў. Я знайшла і нумар «Моладзевага весніка» з артыкулам Ромы Кавальчука — пра падзеі з'езда, з пералікам усіх галасаванняў і спрэчак; і фотаздымкі з першага з'езда; і нават фота Шарэцкага за трыбунай — і Пятрова у прэзыдыуме. […]

Пратэсты 96 года выклікалі вялікі ўздым, вялікія спадзяванні на хуткія перамены; на «маладых» ускладалі вялікія надзеі «старыя апазіцыянеры»; проста ўявіце залу палаца «Сукно», поўную моладзі з усёй Беларусі; я б таксама была абнадзееная.

Устаноўчы з'езд Маладога Фронту, прэзідыум. Фота са старонкі Яўгеніі Парашчанка ў Фэйсбуку

Час ішоў (такім элегантным эліпсам я акрэсліла ўсё сваё юнацтва з мільёнам падзей); перамены самі сабой не адбываліся; (затое адбываліся забойствы Захаранкі і Ганчара); і натуральна, што ўсе нашыя чаканні былі скіраваныя на наступныя прэзідэнцкія выбары, якія меліся адбыцца напрыканцы 2001 года. Здавалася, ну вось тады!… Людзі зноў выйдуць на вуліцы, паўторыцца 96 год… Уся нашая актывісцкая дзейнасць была, па сутнасці, падрыхтоўкай да выбарчай кампаніі-01. І чым бліжэйшы быў 2001 год, тым больш распальваліся жарсці і падвышаўся градус дыскусій — а як менавіта нам змяніць уладу?

І калі старэйшыя спрачаліся вакол пытання «Домаш ці Ганчарык», то ў «Маладым Фронце» таксама ішла барацьба — у якой форме ладзіць перадвыбарчую агітацыю, як і да каго звяртацца.

Калі я кажу «барацьба», я не перабольшваю. Надта вялікімі былі чаканні ад 2001 года. Тады здавалася, што гэта — рэальны шанец на перамены, бо калі той бок пайшоў на палітычныя забойствы, значыць, мы павінныя адказаць супрацівам як мінімум, а ўвогуле — перамагчы. Пакараць забойцу.

Таму ў «Маладым Фронце» за форму выбарчай кампаніі ішла рэальная барацьба, якую можна нават назваць расколам. Я цяпер не буду апісваць тыя падзеі падрабязна і ў асобах — іх удзельнікі, у адрозненьне ад Андрэя, жывыя і могуць самі іх расказаць. Я толькі адзначу, што, праз немагчымасць кампрамісу, з кіраўніцтва «Маладога Фронту» сышлі Андрэй Пятроў і яшчэ некалькі чалавек; і заснавалі сваю арганізацыю. Гэтая арганізацыя мела назву «Зубр».

Гісторыя «Зубра» — найгучнейшай, найярчэйшай, і, бадай, найвялікшай і папулярнай у Беларусі арганізацыі (ці руху), амаль ніяк не зафіксаваная для гісторыі.

У Вікіпедыі пра «Зубра» ёсць толькі маленькая нататка, якая ні пра што не кажа; а знайсці фота налепак «Время выбирать» у інтэрнэце немагчыма. Пагатоў, з адкрытых крыніц немагчыма даведацца, што да заснавання «Зубра» мае непасрэднае дачыненне Андрэй Пятроў.

Я разумею, чаму так. Не таму, што ніхто не парупіўся запісаць храналогію ў асобах. А таму, што менавіта так і знікае гісторыя ў несвабодным грамадстве. Таму што нават у гэтым допісе я не буду тэгаць нікога з астатніх удзельнікаў «Зубра». Я хачу вырваць у бяспамяцтва і вярнуць у гісторыю таго, хто ўжо сам не можа гэта зрабіць.

«Зубр», заснаваны ў студзені 2001 года, вельмі імкліва папаўняў свае шэрагі па ўсёй Беларусі. Я не памятаю, ці была ў Гомелі актыўная філія «Маладога Фронту», але колькасцю новых асобаў у нашым «Зубры» (адкуль толькі ўзяліся! Здавалася, я ў Гомелі ўсіх ведаю) я была ўражаная.

Кампанію, якую пачаў «Зубр», называлі і «агрэсіўнай», і «шкоднай» (бо «зубры» малявалі графіці, «а гэта псуе тынкоўку і выклікае злосць людзей»), і «рэкламнай, а не палітычнай» — за яркія вялікія налепкі.

О, гэтыя налепкі! Памятаеце іх? Падзеленыя на дзве часткі «Время выбирать». Іх была такая колькасць, што калі я ў 2012 годзе ў Мінску забірала ў жж-суполцы «Аддам дарам» пісьмовы стол, то ён быў заклеены тымі самымі налепкамі — як мой уласны стол з бацькоўскага дома.

Можаце сабе ўявіць, наколькі складана было ў 2001 годзе, без інтэрнэта, без сацсетак, дайсці ў кожны горад, у кожны дом, да кожнага чалавека? Дык вось, «Зубр» здолеў гэта зрабіць.

Але галоўнай прэтэнзіяй да «Зубра» з боку колішніх аднадумцаў было пытанне мовы. Напэўна, менавіта мова выбарчай кампаніі стала прычынай расколу «Маладога Фронту». Надпісы на налепках былі па-расейску. Расейская мова была абраная прынцыпова — беларускамоўнымі заснавальнікамі «Зубра» — каб дайсці да моладзі, не заангажаванай у палітычны супраціў, які тады меў выразны нацыянальна-вызваленчы характар. І потым ужо, прыйшоўшы да ўлады, вырашаць палітычныя пытанні ў дэмакратычным парадку.

Я яшчэ раз хачу адзначыць, наколькі высокімі былі чаканні ў нас ад 2001 года. Не толькі ў «Зубра» — ва ўсіх. Я ў «Зубры» не ўдзельнічала. Памятаю, улетку я была на семінары ў Кіеве; і ўкраінскія ўдзельнікі здзіўляліся: «Няўжо для вас такія важныя гэтыя выбары? Дык чаму?»

Ну як — чаму? Мы сапраўды спадзяваліся, што такі нечуваны ўздым пратэснай актыўнасці зменіць уладу! Па сутнасці, мы чакалі 2020 года.

Асобна хачу адзначыць, якую вялікую стаўку зрабіў канкрэтна Пятроў. Ён пайшоў на канфлікт і сыход з арганізацыі, ім заснаванай, — з «Маладога Фронту»; стварыў рух, які шакаваў маштабам і новымі формамі супраціву ўсіх — і «старую апазіцыю», і «рэжым». Цяпер яго чакала або перамога, або — …

І вось 9 верасня 2001 года. Ноч пасля закрыцця выбарчых участкаў. Лукашэнка абвяшчае сваю перамогу ў 75% з яўкай 83%. А што адбываецца на Кастрычніцкай плошчы ў Менску?

Нічога. Ніхто не выйшаў. Дакладней, крыху людзей сабралася — але іх не хапіла нават на шэсце. Калі параўнаць з чаканнямі масавых пратэстаў, з маланкавым ростам валанцёраў «Зубра» — то фактычна нас чакала пустая плошча.

Мне бракуе слоў, каб апісаць мае пачуцці ў тую ноч. «Расчараванне» і «апатыя» — гэта бледныя цені таго, што я адчувала. Гэта як бы пасля выбараў у жніўні-20 адразу надышоў 2021 год — толькі без 2020-га. Уяўляеце, калі б у Беларусі не было 2020 года?

Дык вось, у нас, у пратэстоўцаў таго часу, не было нашага 2020 года. І вось мы ўсе, метафарычна, стаім на гэтай пустой плошчы, а на наступны дзень трэба пачынаць жыць.

Аўтар «Нашай Нівы» ў мемарыяльным артыкуле пра Каспера напісаў: «Моладзевы актывізм — гэта класна, але трэба было зарабляць на дарослае жыццё». Я б сказала іначай. Не «моладзевы актывізм», а справа ўсяго жыцця. І не «дарослае жыццё» — а жыццё ў дыктатуры, з якой мы змагаліся і пацярпелі паразу.

Для мяне «нулявыя» не былі «мірнымі», «бесклапотнымі», etc, etc, як іх цяпер часта прыгадваюць.

Гэта быў час, калі мне — як і ўсім, хто актыўна паўдзельнічаў у выбарчай кампаніі — трэба было шукаць сябе ў Беларусі, дзе ніхто не выйшаў на плошчу ў знак пратэсту супраць сфальсіфікаваных выбараў. Дзе не тое каб усіх усё задавальняла — але ніхто не пратэставаў. А пра форму праўлення Лукашэнкі ўсё ўжо было зразумела: пра ўзурпацыю ўлады, пра поўнае беззаконне, пра рэпрэсіі без усялякага пакарання… Ды што — рэпрэсіі; забойствы Ганчара, Красоўскага, Захаранкі, Завадскага — і пустая плошча ў ноч пасьля выбараў… Што рабіць? Працягваць барацьбу? Дзеля каго? Шукаць працу?

О, «шукаць працу»! Мне, напрыклад, званіў дадому дэкан гістфака, каб я забрала свой студэнцкі. Гэта было вельмі ветліва — мяне ніхто не запалохваў, не выклікаў у дэканат, дзе мяне чакаў бы КДБ-шнік… Я ледзь не вылецела з юрфака прыватнага інстытута — заваліла залік па ідэалогіі; калі б не іншыя выкладчыкі, якім я пераздавала — вышэйшай адукацыі я б не мела. І як я зразумела на 4 курсе, што я, нажаль, не змагу працаваць юрыстам… І гэта я асабліва, можна сказаць, і не актыўнічала.

Але, ведаеце, не трэба было нават актыўнічаць, каб быць не ў стане знайсці сабе месца ў дыктатуры. Я нават не змагла пісаць пра тагачасную Беларусь кнігі — гэта пра 20 гадоў майго пісьменніцкага маўчання.

Што ўжо казаць пра лідараў супраціву! Або — эміграцыя, або… За гэтым шматкроп’ем — хаваецца і маё жыццё; але калі я сама сябе магу назваць маргіналам, чалавекам на палях грамадства, то да астатніх такі тэрмін ужываць мне няёмка; гэта чалавечы лёс, сінхранізаваны з лёсам Беларусі…

Мне не хацелася б згадваць акалічнасці жыцьця Андрэя пасля выбараў 2001 года; на гэта я не маю дазволу і не магу атрымаць; я магу дакладна сказаць адно — гэта было жыццё не яго маштабу, не яго памеру. Як і жыццё ўсёй Беларусі.

Якой мы былі б краінай, калі б гэтыя 25 гадоў развіваліся, а не патаналі ў стагнацыі, як у багне!

P.S. Я ведаю, што мне трэба паспець зрабіць. Апісаць падзеі тых часоў. Гэта ж усё было не дарэмна, праўда?..

Чытайце таксама:

Памёр маладафронтавец першай генерацыі Андрэй Пятроў

23 гады таму прайшлі другія прэзідэнцкія выбары. Ці быў тады шанец перамагчы Лукашэнку?

«Маладому фронту» — 27 гадоў. Што рабіла і каго выхавала апазіцыйная «кузня кадраў»

Як пасля выбараў у 2001‑м захапілі Палац прафсаюзаў 

Тры памылкі Пазняка, у выніку якіх гісторыя Беларусі пайшла так, як пайшла

Каментары да артыкула