БЕЛ Ł РУС

«Не было ні гудзення, ні выбухаў». Сур’ёзныя нестыкоўкі ў версіі РФ пра атаку на рэзідэнцыю Пуціна

30.12.2025 / 13:23

Nashaniva.com

Афіцыйныя заявы расійскіх уладаў пра маштабны налёт украінскіх дронаў на рэзідэнцыю Уладзіміра Пуціна на Валдаі выклікаюць сур’ёзныя сумневы. Выданне «Можем объяснить» выявіла шэраг фактаў, якія не супадаюць з карцінай, намаляванай Крамлём.

Першыя пытанні выклікае разыходжанне ў дадзеных розных ведамстваў РФ. Калі кіраўнік МЗС Сяргей Лаўроў заявіў пра 91 дрон, то Мінабароны РФ паведаміла, што над Ноўгарадскай вобласцю быў збіты 41 апарат — 50 нібыта перахапілі над Бранскай і Смаленскай абласцямі.

Сцвярджаецца, што збітыя пад Бранскім дроны ляцелі «ў напрамку Наўгародскай вобласці» — але не ясна, як пра гэта даведаліся: паміж гэтымі рэгіёнамі знаходзяцца Цвярская і Смаленская вобласці. Да таго ж дроны могуць мяняць кірунак палёту для абыходу раёнаў СПА.

Таксама застаецца няясным час атакі. Лаўроў і памочнік прэзідэнта Расіі Юрый Ушакоў казалі пра начны налет, аднак паводле зводак Мінабароны, асноўная маса БПЛА над Наўгародчынай была знішчана раніцай, з 7 да 9 гадзін.

Мясцовыя жыхары нічога не чулі

Журналісты «МО» апыталі 14 жыхароў Наўгародскай вобласці, у тым ліку тых, хто жыве непасрэдна каля Валдая. Ніхто з іх не заўважыў прыкмет маштабнай паветранай бітвы.

«Не было ніякага гудзення гэтай ноччу, выбухаў — тым больш. Калі б было штосьці падобнае, увесь горад гэта б абмяркоўваў сто адсоткаў», — цытуе выданне аднаго з мясцовых жыхароў.

Для горада з насельніцтвам 14 тысяч чалавек пралёт і збіццё амаль сотні дронаў не маглі прайсці незаўважна.

Жыхары Валдая адзначаюць, што заўсёды чуюць нават шум верталётаў, якімі карыстаецца Пуцін, аднак у ноч і раніцу нібыта атакі ў сацыяльных сетках і мясцовых чатах не з’явілася ніводнага паведамлення аб выбухах.

Яшчэ адна нестыкоўка — праца сістэм апавяшчэння. У рэгіёне не абвяшчалася паветраная пагроза, а жыхары не атрымлівалі традыцыйных СМС-папярэджанняў ад МНС.

Для параўнання, падчас папярэдняй атакі на завод «Акрон» у Вялікім Ноўгарадзе мясцовыя жыхары выразна чулі выбухі, і гэта адразу стала галоўнай тэмай у рэгіянальных пабліках.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зеленскі назваў заявы Лаўрова чарговай хлуснёй. Паводле яго слоў, Расія свядома стварае інфармацыйную глебу, каб апраўдаць будучыя ўдары па ўрадавых будынках у Кіеве.

На гэтым фоне расійская прапаганда актыўна прасоўвае тэму выкарыстання ракет «Арэшнік». Менавіта сёння Мінабароны РФ апублікавала відэа заступлення гэтых комплексаў на дзяжурства ў Беларусі.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула