БЕЛ Ł РУС

Чаму за навагоднім сталом хочацца дэсерту, нават калі пераеў? Тлумачыць прафесар анатоміі

31.12.2025 / 7:30

Nashaniva.com

Вы адсоўваецеся ад стала пасля навагодняй вячэры, адчуваючы, што пераелі. Здаецца, вы не змаглі б уціснуць у сябе анічога — акрамя хіба што кавалачка торта. Нейкім чынам, колькі б вы ні з'елі, для дэсерту заўсёды знаходзіцца месца. Прафесар анатоміі Брыстальскага ўніверсітэта Мішэль Спір тлумачыць, чаму так адбываецца.

Фота: aire images / Getty Images

Японцы трапна называюць гэта словам betsubara, што літаральна значыць «асобны страўнік». Аніякага дадатковага адсека ў нашых страўніках нас няма, але адчуванне дадатковай вольнай прасторы для дэсерту настолькі пашыранае, што навукоўцы знайшлі гэтаму тлумачэнне.

Гэта не выдумка: гэтае адчуванне звязанае з працай нашых цела і псіхікі, якія разам робяць дэсерт асабліва прывабным, нават калі вы ўжо адчуваеце, што аб'еліся.

Страўнік — не проста мех для ежы

Варта пачаць з самога страўніка. Многія думаюць, што гэта проста мяшок, які напаўняецца, пакуль ежа не пачне пералівацца праз край. Насамрэч страўнік умее расцягвацца і адаптавацца. Калі мы пачынаем есці, адбываецца працэс, які навукоўцы называюць страўнікавай акамадацыяй: гладкія мышцы расслабляюцца, ствараючы дадатковы аб'ём без істотнага павелічэння ціску.

Мяккая салодкая ежа амаль не патрабуе механічных высілкаў для ператраўлівання.

Цяжкая асноўная страва можа выклікаць пачуццё перапаўнення страўніка, але лёгкі дэсерт, напрыклад, марожанае ці мус, не нагружае яго, таму страўнік можа троху расслабіцца, каб змясціць салодкае.

Галодны мозг, а не цела

Жаданне з'есці дэсерт ідзе пераважна ад мозгу, а менавіта ад цэнтраў задавальнення. Апетыт не заўсёды залежыць ад фізічнага голаду. Існуе так званы геданічны голад — калі нам хочацца есці проста таму, што гэта прыемна або супакойвае.

Салодкая ежа тут працуе лепш за ўсё. Яна актывуе сістэму ўзнагароджання ў мозгу, павялічвае матывацыю есці і на час прыглушае сігналы аб тым, што вы ўжо сытыя. Пасля абеду ваш звычайны голад можа знікнуць, але прадчуванне салодкага стварае асобнае жаданне працягваць банкет.

Яшчэ адна прычына — «смакавая стома» (навукова — сэнсарна-спецыфічнае насычэнне). Пакуль мы ямо адну і тую ж ежу, рэакцыя мозгу на гэты смак паступова згасае і ежа становіцца менш цікавай. Але з'яўленне новага смаку — салодкага, кіслага ці крэмавага — нібы перазагружае мозг. Таму многія людзі, якія не могуць даесці мяса, раптам знаходзяць сілы на торт, бо навізна зноў абуджае апетыт.

Акрамя таго, цукар і вугляводы паводзяць сябе ў арганізме інакш. Яны хутчэй выходзяць са страўніка і прасцей засвойваюцца ў параўнанні з тлустай ежай ці бялком. Гэта стварае адчуванне, што для іх лягчэй знайсці месца.

Фактар часу і звычак

Час таксама мае значэнне. Сігналы ад кішэчніка да мозгу пра тое, што вы сытыя, прыходзяць не адразу.

Узровень такіх гармонаў, як холецыстакінін, ГПП-1 і пептыд YY, расце паступова, і звычайна патрабуецца 20 да 40 хвілін, каб з’явілася ўстойлівае пачуццё насычэння. Часта мы вырашаем з’есці дэсерт якраз у гэты прамежак часу, пакуль мозг яшчэ не ўсвядоміў сытасць.

Рэстараны, наўмысна ці не, часта карыстаюцца гэтым момантам, прапаноўваючы дэсерты адразу пасля асноўнай стравы.

Таксама на нас уплываюць сацыяльныя звычкі. Для многіх дэсерт — гэта адчуванне свята. гасціннасці і камфорту. З дзяцінства мы прызвычаіліся, што салодкае — гэта абавязковая частка застолля. Навуковыя даследаванні паказваюць, што ў кампаніі сяброў або на святах людзі заўсёды ядуць больш.

Таму калі наступным разам нехта скажа, што не можа больш з’есці ні кавалачка, але з радасцю возьмецца за торт — не думайце, што ён падманвае. Гэта цалкам нармальная і досыць элегантная ўласцівасць чалавечага арганізма.

Аўтар артыкула — Мішэль Спір (Michelle Spear), прафесарка анатоміі Брыстальскага ўніверсітэта. Гэты матэрыял з'яўляецца перакладам артыкула «Why There’s Always Room For Dessert, Even After A Big Meal: An Anatomist Explains «Separate Stomach», апублікаванага ў выданні The Conversation.

Чытайце таксама:

Жыхары шматпавярховіка скінуліся і самастойна ўпрыгожылі пад'езд да Новага года — толькі паглядзіце

Ці будзе снег і мароз? Якога надвор'я чакаць у навагоднюю ноч

25+ ідэй падарункаў на Каляды і Новы год ад беларускіх майстроў і брэндаў

Каментары да артыкула