БЕЛ Ł РУС

Зяленскі: Украіна хоча атрымаць ад ЗША гарантыі бяспекі на 30—50 гадоў, Трамп абяцаў падумаць

29.12.2025 / 17:38

Nashaniva.com

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што Кіеў зацікаўлены ў доўгатэрміновых гарантыях бяспекі з боку Злучаных Штатаў — на 30, 40 або нават 50 гадоў. Пра гэта ён расказаў падчас анлайн-размовы з журналістамі, вяртаючыся з ЗША ў Еўропу, паведамляе «Еўрапейская праўда».

Уладзімір Зяленскі і Дональд Трамп 28 снежня 2025 года. Фота: AP Photo/Alex Brandon

Са слоў Зяленскага, напярэдадні на перамовах з прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам было пацверджана, што Украіна атрымае моцныя гарантыі бяспекі ад Вашынгтона. Аднак цяпер яны замацаваныя ў дакументах на 15 гадоў з магчымасцю далейшага падаўжэння.

Зяленскі адзначыў, што падняў гэтае пытанне непасрэдна перад Трампам, падкрэсліўшы, што вайна ва Украіне доўжыцца ўжо амаль 15 гадоў, таму краіне патрэбныя значна больш працяглыя абавязацельствы ў сферы бяспекі.

Ён заявіў, што Украіна хацела б разгледзець варыянт гарантый тэрмінам на 30—50 гадоў, што магло б стаць гістарычным рашэннем для прэзідэнта ЗША.

Са слоў Зяленскага, Дональд Трамп адказаў, што возьме гэтую прапанову на разгляд.

Таксама паведамляецца, што прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон анансаваў сустрэчу краін так званай «кааліцыі ахвотных», якая павінна адбыцца ў пачатку студзеня ў Парыжы. На ёй плануюць канчаткова ўзгадніць унёсак кожнай дзяржавы ў сістэму гарантый бяспекі для Украіны.

28 снежня Зяленскі і Трамп правялі сустрэчу ў Фларыдзе, дзе абмяркоўвалі мірныя ініцыятывы. Пры гэтым Трамп адразу заявіў, што пасля размовы з украінскім лідарам плануе патэлефанаваць Уладзіміру Пуціну.

Чытайце таксама:

Зяленскі расказаў, ці гатовы сустрэцца з Пуціным

Зяленскі анансаваў новую сустрэчу дэлегацый ЗША і Украіны

Трамп: Няўзгодненымі застаюцца адно-два найбольш складаныя пытанні пагаднення па Украіне

Трамп частаваў украінскую дэлегацыю падчас перамоў тортам, названым у свой гонар

Каментары да артыкула