Трамп: Няўзгодненымі застаюцца адно-два найбольш складаныя пытанні пагаднення па Украіне
Прэзідэнты ЗША і Украіны Дональд Трамп і Уладзімір Зяленскі далі сумесную прэс-канферэнцыі пасля перамоваў у рэзідэнцыі Трампа Мар-а-Лага. Падчас гэтых перамоў нібыта ўдалося вырашыць ледзь не ўсе пытанні, апрача найбольш істотных, найперш тэрытарыяльных.
Уладзімір Зяленскі і Дональд Трамп на прэс-канферэнцыі 28 снежня 2025 года. Фота: AP Photo/Alex Brandon
Трамп праведзеную сустрэчу з Зяленскім ацаніў вельмі высока і лічыць яе, разам з размовай з Пуціным, якая адбылася раней, надзвычай прадуктыўнай:
«У нас была цудоўная сустрэча. Мы абмеркавалі мноства пытанняў. Як вы ведаеце, у мяне была выдатная тэлефонная размова з прэзідэнтам Пуціным, якая доўжылася больш за дзве гадзіны. Мы абмеркавалі шмат пунктаў, і я сапраўды лічу, што мы значна наблізіліся, магчыма, вельмі блізка. Наша сустрэча была выдатнай. Мы ахапілі, хтосьці сказаў бы, 95 адсоткаў. Я не ведаю, які менавіта працэнт, але мы дамагліся вялікага прагрэсу ў пытанні заканчэння той вайны, якая з'яўляецца, безумоўна, самай смертаноснай вайной з часоў Другой сусветнай вайны, верагодна, самай буйной вайной з часоў Другой сусветнай вайны».
Ён не ведае, ці будзе вайна нарэшце завершана, «але мы, безумоўна, вельмі блізка».
Уладзімір Зяленскі заявіў, што Украіна і ЗША завяршылі ўзгадненне шэрагу дакументаў у рамках мірнага пакета. Ён патлумачыў, што цяпер узгодненыя, у прыватнасці, амерыканскія гарантыі бяспекі.
« 20‑пунктавы план узгоднены на 90%, гарантыі бяспекі ЗША — на 100%, супольныя гарантыі бяспекі ЗША і ЕС для Украіны — амаль узгодненыя, пры гэтым вайсковае вымярэнне (гэтых гарантый) узгодненае на 100%», — заявіў Зяленскі.
Таксама, па словах украінскага прэзідэнта, ёсць дакументы, праца над якімі працягваецца.
«План росквіту Украіны цяпер фіналізуецца, і таксама цяпер мы абмяркоўваем паслядоўнасць дзеянняў», — заявіў ён.
Зяленскі заявіў, што падчас перамоў гаварылі і пра рэферэндум, які могуць выкарыстоўваць у рамках мірнага плана. Паводле яго слоў, калі мірны план будзе складаным для ўкраінскага грамадства, то грамадства павінна прагаласаваць.
«Верагодна, мірны план трэба будзе зацвердзіць у парламенце або на рэферэндуме. Ведаеце, было апытанне, і 91% выступіў за завяршэнне гэтай вайны», — сказаў у сваю чаргу Трамп і падкрэсліў, што для ўкраінскага грамадства гэта балючае пытанне, бо гаворка ідзе пра ўласную зямлю.
Прэзідэнт ЗША таксама прызнаў, што на перамовах па спыненні вайны ва Украіне «застаюцца адно-два складаныя нявырашаныя пытанні». Адным з іх з'яўляецца тэрытарыяльнае пытанне, датычнае Данбаса. Праўда, і тут у яго ёсць падставы для аптымізму.
«Я думаю, мы бліжэй, чым былі раней — яно пакуль не вырашанае, але мы значна наблізіліся», — сказаў прэзідэнт ЗША.
Пытанне па Запарожскай атамнай электрастанцыі таксама абмяркоўвалася, але пакуль не вырашана, паведаміў Трамп:
«Пуцін працуе з Украінай, каб запусціць Запарожскую АЭС, ён хоча бачыць яе ўвядзенне ў эксплуатацыю. Ён больш не нацэльвае на яе ракет, таму што гэта было б небяспечна. Але мы працуем».
На думку Трампа, пытанне адносна ЗАЭС абмяркоўвалася доўга, і дадаў, што яна «можа быць неадкладна ўведзена ў эксплуатацыю».
Расія, як упэўнены Трамп пасля размовы з Пуціным, гатовая ўдзельнічаць у аднаўленні Украіны.
«Расія — гэта гучыць крыху дзіўна — Пуцін вельмі шчодры на тое, каб Украіна магла аднавіцца, ён гатовы пастаўляць танную электраэнергію», — заявіў прэзідэнт ЗША.
У той жа час Пуцін, па словах Трампа, не згодзен на часовае спыненне агню для правядзення рэферэндуму ва Украіне.
«Не на спыненне агню. І гэта адно з пытанняў, пра якія мы зараз гаворым. Калі ім прыйдзецца пачаць [ваяваць] зноўку, ён не хоча апынуцца ў такім становішчы. Я разумею яго пазіцыю», — заявіў прэзідэнт ЗША.
Пытанне аб «свабоднай эканамічнай зоне» ў Данбасе таксама пакуль не вырашана.
«Слова «вырашана» занадта моцнае, мы пакуль не развязалі гэта пытанне, але мы наблізіліся да рашэння, ужо вельмі хутка», — сказаў Трамп.
Абодва прэзідэнты заявілі, што перамовы будуць працягвацца і далей. Трамп паведаміў, што правядзе новую размову з Зяленскім у панядзелак:
«Мы будзем гаварыць на працягу наступных некалькіх тыдняў. Мы, напэўна, будзем шмат гаварыць, але пагаворым заўтра».
«Мы дамовіліся што каманды будуць сустракацца ў найбліжэйшыя тыдні, і прэзідэнт Трамп пагадзіўся прыняць нас у студзені, як мяркуецца, у Вашынгтоне», — пацвердзіў такія намеры Зяленскі.
Трамп жа лічыць, што калі ўсё далей пойдзе добра, то міру можна будзе дамагчыся за некалькі тыдняў.
«Я не ведаю калі, але мы гэта зробім, — заявіў ён. — Расея хацела б, каб гэта скончылася. Украіна хацела б, каб гэта скончылася. І я думаю, прыйшоў час гэта скончыць».
Чытайце таксама:
Трамп з Зяленскім завяршылі сустрэчу. Яна працягвалася дзве гадзіны
Трамп частаваў украінскую дэлегацыю падчас перамоў тортам, названым у свой гонар
На перамовы з Зяленскім Трамп узяў не толькі Уіткафа і Кушнера