На Захадзе выбухнуў серыял пра каханне расійскага і канадскага хакеістаў
Ад серыяла «Спякотнае суперніцтва» (Heated Rivalry) не чакалі вялікіх поспехаў. Але нечакана сціплы канадскі праект парваў рэйтынгі.
Фота: кадр з трэйлера
«Спякотнае суперніцтва» знялі для канадскага стрымінгавага сервіса Crave. Гэта гісторыя двух выдуманых хакеістаў НХЛ, канадца Шэйла Холандэра і расіяніна Іллі Разанава. У гульні яны — супернікі, а за межамі хакея іх звязваюць доўгія рамантычныя адносіны, якія мужчынам даводзіцца хаваць.
Пра серыял пачалі гаварыць яшчэ да прэм'еры дзякуючы фанатам першакрыніцы — праект заснаваны на серыі кніг-бестсэлераў Game Changers пісьменніцы Рэйчэл Рыд. Праз розгалас на яго звярнулі ўвагу іншыя стрымінгі. У выніку серыял паказалі яшчэ і ў ЗША, Аўстраліі і іншых краінах. Гледзячы на звестки пошукавых сістэм, глядзяць праект і беларусы.
Фота: кадр з трэйлера
Крытыкі ў захапленні ад «Спякотнага суперніцтва». На агрэгатары рэцэнзій Rotten Tomatoes серыял мае зайздросныя 96% ухвалення ад крытыкаў. Рэцэнзенты ў заходніх медыя не шкадуюць добрых слоў пра праект: называюць яго найвялікшым сюрпрызам гэтага года на ТБ і кажуць, што ў серыяле ёсць усё, за што любяць рамантычныя камедыі.
У Канадзе статыстыка прагляду серыяла вырасла на 400% з яго прэм'еры, у іншых краінах «Спякотнае суперніцтва» таксама займае высокія пазіцыі на стрымінгах.
Фота: кадр з трэйлера
Гэты праект завірусіўся і ў сацсетках, асабліва ў тыктоку. Карыстальнікі выкладаюць відэа, як яны глядзяць серыял, і фрагменты ўлюбёных серый. А некаторыя скардзяцца, што да іх краіны самы хайповы серыял снежня яшчэ не дайшоў.
У серыяле стае яркіх эратычных сцэн — верагодна, у гэтым адна з прычын папулярнасці праекта. Асабліва ад гэтага праекта фанацеюць жанчыны, і крытыкі мяркуюць, што ў гэтым і ёсць прычына шалёнай папулярнасці серыяла. Акрамя эротыкі, жанчын вабіць прыгожая гісторыя кахання, у якой яны бачаць сапраўдную рамантыку.
Заходнія медыя не абмінулі феномена. Выданне Hollywood Reporter піша пра тое, што жанчыны «шалеюць ад «Спякотнага суперніцтва», а Cosmopolitan лічыць, што шоу «абудзіла нешта ва ўсіх нас».
Апошняя, шостая серыя першага сезона выйшла 26 снежня. Цяпер фанатам праекта трэба набрацца цярплівасці — яшчэ да фінальнай серыі «Спякотнае суперніцтва» падоўжылі на другі сезон.
Чытайце таксама:
«Мінск!» У новым сезоне серыяла «Эмілі ў Парыжы» згадалі Беларусь
Выходзіць «Аватар: Полымя і попел». Ці ён здзівіць гледачоў?