«Я ўсё роўна буду ваяваць за Украіну». Гісторыя 18‑гадовага сваяка Ціханоўскай, якога затрымалі за спробу ўступіць ва УСУ
Аляксей Капліч — былы палітвязень. 30 сакавіка яму споўнілася 18 гадоў, а 31 сакавіка яго затрымалі ў менскім аэрапорце: ён ляцеў у Грузію, адкуль збіраўся перабрацца ва Украіну і ваяваць у складзе УСУ. Юнака асудзілі на два гады калоніі паводле артыкулу аб замаху на ўдзел у збройным канфлікце на тэрыторыі замежнай дзяржавы. 13 снежня ён выйшаў на волю і быў выправаджаны на тэрыторыю Украіны.
«Белсат» пагаварыў з Аляксеем пра затрыманне, катаванні, калоніі, роднасныя сувязі са Святланай Ціханоўскай і пра тое, ці змяніліся ягоныя планы.
— Я з Берасцейскай вобласці, Лунінецкага раёна, вёскі Сінкевічы. Вучыўся ў звычайнай школе. Захапляўся страйкболам. Калі пачалася вайна Расеі супраць Украіны, я вучыўся ў дзявятым класе.
— Ты памятаеш пачатак вайны?
— Так. А чацвёртай раніцы, як і большасць украінцаў, я прачнуўся ад гукаў расейскай авіяцыі. Я жыў побач з вайсковым аэрадромам — адтуль узлятала авіяцыя, прыляталі транспартныя самалёты Іл-76. Я адразу вырашыў, што не магу заставацца ўбаку, калі ўсё гэта адбываецца. Мне было сорамна за тое, што з беларускага боку ляцяць ракеты і забіваюць мірных украінцаў.
— І ты вырашыў адправіцца на вайну?
— Так. Чакаў, пакуль мне споўніцца 18 гадоў. Да гэтага вёў перамовы з украінскім бокам, мне казалі, што мяне гатовыя ўзяць у трэцюю штурмавую брыгаду, але для гэтага трэба было прыехаць ва Украіну. 30 сакавіка мне споўнілася 18 гадоў, а 31 сакавіка я ўжо быў гатовы вылецець у Грузію. Адтуль дабрацца ва Украіну і адправіцца на фронт. Але мяне затрымалі.
— Твае родныя ведалі пра твае планы?
— Не. Ім я сказаў, што паеду на заробкі ў Польшчу.
«Рабіў некалькі надрэзаў у адным месцы, устаўляў туды лязо і пракручваў»
— Як цябе затрымалі?
— Пры праходжанні пашпартнага кантролю падышоў памежнік і папрасіў з ім прайсці — маўляў, хадзем паглядзім у іншую камеру, гэтая вас дрэнна счытвае. Але мяне адвялі не да іншай камеры, а завялі ў кабінет — і я зразумеў: усё, цяпер мяне затрымаюць. Мяне адразу ж закавалі ў кайданкі, надзелі мяшок на галаву і адвалаклі ў бусік. У КДБ я ехаў, лежачы на падлозе, нага аднаго супрацоўніка стаяла ў мяне на галаве, другога — на нагах.
— Як цябе вылічылі?
— Калі выказвацца на мове рэжыму, то я быў у «экстрэмісцкіх чатах» — «Беларусы ў Варшаве», «Беларусы ў Кіеве». Яшчэ на пачатку вайны я напісаў, што хачу пайсці ваяваць. Мабыць, пасля гэтага мяне ўзялі на аловак, а пасля затрымання пераканаліся ў маіх намерах.
— Што было далей?
— Першы допыт быў у той жа дзень, да чатырох раніцы. Мне казалі, што аддадуць мяне ў Расею, што там «Русічы» адрэжуць мне галаву і адправяць відэа гэтага пакарання маім родным.
Потым знялі з заведзеных назад рук кайданкі, перакавалі рукі перад сабой. Адзін з іх трымаў кайданкі за ланцужок, другі дастаў лязо і пачаў рэзаць руку. Рабіў некалькі надрэзаў у адным месцы, устаўляў туды лязо і пракручваў.
— Чаму цябе катавалі?
— Яны хацелі даведацца адрасы і кантакты маіх знаёмых, якія ваююць на баку ЗСУ, у якіх брыгадах, дзе праходзілі падрыхтоўку. Але я яшчэ раней разумеў, што мяне могуць затрымаць, і спецыяльна трымаў сябе ў інфармацыйнай ізаляцыі. Так што ад мяне яны нічога даведацца не змаглі.
— Калі твае родныя даведаліся пра затрыманне?
— Праз 12 дзён. Мама, тата, брат — усе былі ў шоку.
— Калі пачаўся суд?
— Праз пяць месяцаў. Судзілі ў гарадскім судзе Менску. Далі два гады.
За «Героям слава» — ШІЗА
— Ты ўвесь час быў у СІЗА КДБ?
— Спачатку СІЗА КДБ, потым СІЗА № 1 у Калядзічах. Пасля суду мяне адправілі ў ПК № 17 у Шклове.
— Як да цябе ставілася адміністрацыя?
— У калоніі я правёў усяго два месяцы. З іх месяц — у ШІЗА.
Начальнік калоніі выклікаў мяне, мы пагаварылі, і раптам ён змоўк секундаў на дзесяць і сказаў: «Слава Украіне». Я адказаў: «Героям слава». Пасля гэтага я адразу атрымаў 15 сутак у ШІЗА. Потым — па дробязях: у тумбачцы ляжыць не ручка, а аловак — забаронена. Нешта не так з вопісам рэчаў. І зноў ШІЗА.
Трэба разумець, што ў калоніі зусім іншае стаўленне да «палітычных». Да прыкладу, у нас у атрадзе быў чалавек, які перавозіў у багажніку разабраную жонку і раскідваў па розных кутках Менску часткі яе цела. Ён мог карыстацца машынкай для стрыжкі валасоў, мог узяць пульт і пераключыць тэлевізар. Чалавек, які сеў за каментар у сацсетках, гэтага рабіць не мог.
Палітвязні, або жаўтабірачнікі, не маглі наведваць спартзалу, царкву, бібліятэку. Усё, што было дазволена, — хадзіць у клуб на лекцыі, у сталовую і ў прамзону.
— А як складаліся стасункі з іншымі вязнямі?
— Добра. Падтрымлівалі адзін аднаго.
«Я думаў, што гэта раскрутка»
— Як ты даведаўся, што цябе вызваляюць?
— Я працаваў на добраўпарадкаванні тэрыторыі — грузіў пясок у мяшкі. Мяне выклікалі ў пакой, дзе захоўваюцца рэчы зняволеных, мне ўручылі вопіс і сказалі збірацца. Я падумаў, што гэта «раскрутка» — верагодна, на мяне завялі новую крымінальную справу або пераводзяць у іншае месца зняволення. Але калі я ўбачыў, што сталі выводзіць іншых палітвязняў, то тады мільганула думка, што, магчыма, гэта вызваленне.
Нашу групу адвялі ў каранцін, і супрацоўнікі калоніі сталі падазрона ветлівымі: «Не спяшайся, акуратна, асцярожней». Нам некалькі разоў выдалі па некалькі пачкаў цыгарэтаў — гэта было неяк шчодра з іх боку, і я ўпэўніўся, што нас усё ж вызваляюць.
Але самае смешнае, што рэчы мне не аддалі. Таму на волю я паехаў у спартыўным касцюме, красоўках і куртцы.
— Як праходзіў працэс твайго вывазу з Беларусі?
— Нас пагрузілі ў адзін аўтобус. Кайданкі, шапку нацягнулі на твар, скаваныя кайданкамі рукі прыкавалі да нагі, так мы і ехалі пяць гадзін у позе «зю». Потым у нейкім чыстым полі перасадзілі ў іншы аўтобус, кайданкі знялі, але заматалі рукі скотчам.
— Было разуменне, куды вас вязуць?
— Мы меркавалі, што ў Літву. Але калі мы пад'ехалі да прапускнога пункту, то ён здаўся мне занадта бязлюдным. Потым пачалася разбітая дарога. А потым я ўбачыў таблічкі, што тэрыторыя замінаваная, і зразумеў: усё, я дома.
— Калі ты адчуў, што вольны?
— Пры перасячэнні мяжы.
«Мая дзяўчына — мая змоўніца»
— Ты казаў, што тваё вызваленне стала падарункам для тваёй дзяўчыны.
— Так, у Дыяны дзень нараджэння 14 снежня. Калі мы прыехалі ў Чарнігаў, гэта было ў ноч з 13‑га на 14-га, я ёй патэлефанаваў. Яна адразу пачала плакаць. Плакала і смяялася адначасова.
— Яна ў Беларусі?
— Не, яна ўкраінка, жыве ў Кіеве. І яна праходзіць паводле маёй крымінальнай справы маёй змоўніцай. На мой дзень нараджэння яна купіла для мяне бронекамізэльку і разгрузку. Вось і праходзіла са мной у адной справе.
Цяпер я чакаю яе ў Вільні.
Увесь гэты час яна была для мяне велізарнай апорай. Без яе перажыць гэтыя дзевяць месяцаў было б значна цяжэй. Яна чакала, верыла і не адварочвалася ад мяне, нягледзячы ні на што.
«Я хачу служыць»
— Ты хацеў ваяваць ва Украіне і апынуўся там. Чаму ты не застаўся?
— Мне сказалі, што калі я хачу застацца, трэба спачатку выехаць у Еўропу, легалізавацца, а потым можна вяртацца.
— А чаму абраў Літву?
— Тут прасцей легалізавацца, чым у Польшчы.
— І твае планы не змяніліся?
— Не. Цяпер я займаюся сваёй легалізацыяй, атрымаю ўсе неабходныя дакументы — і адпраўлюся ва Украіну, і буду за яе ваяваць. Пайду служыць, хачу прасоўвацца ў ЗСУ на карʼернай лесвіцы. Разумею, што беларусу ва ўкраінскім войску гэта будзе няпроста, але прыкладу ўсе намаганні.
— Ты не думаў пра тое, каб атрымаць вышэйшую адукацыю, напрыклад?
— Калі гэта будзе вышэйшая адукацыя ў вайсковай сферы.
— Дзеці не павінны ваяваць.
— Вайна — справа маладых [цытуе Цоя].
«Вельмі далёкія роднасныя сувязі»
— На прэс-канферэнцыі былых палітвязняў высветлілася, што ты далёкі сваяк Святланы Ціханоўскай…
— Па татавай лініі, праз дзядулю, потым праз другога дзядулю. Вельмі далёкія роднасныя сувязі, калі шчыра, нават складана растлумачыць.
— Ты знаў яе асабіста?
— Не. Што мы далёкія сваякі, даведаўся, апынуўшыся ў Вільні. Нават хацеў да яе падысці на сустрэчы, пагаварыць пра сваякоў, але пасаромеўся.
— Якую дапамогу вам тут аказваюць?
— Нам нанялі жыллё ў калівінгу. Там жывуць чатыры чалавекі з нашай групы. Нам дапамагаюць усім: грашыма, прадуктамі, адзеннем, любой медычнай дапамогай, вырашаюць усе нашы пытанні. Варта толькі нешта сказаць — і ўжо праз некалькі гадзін праблема вырашана. Таму мы вельмі ўдзячныя Офісу Святланы Ціханоўскай і валанцёрам.
— Што ты зрабіў перш за ўсё ў Вільні?
— Мы купілі і зʼелі піцу. Шмат гулялі па горадзе. Прыходзім у сябе, неяк спрабуем усё ўсвядоміць. Я адразу ж знайшоў хлопцаў, з якімі меў зносіны да затрымання. Усе шалёна рады майму вызваленню. Усе хочуць хутчэй сустрэцца ў Кіеве.
— Што ты цяпер адчуваеш?
— Акрамя адчування свабоды? Ува мне шмат злосці. Да ўсіх, хтомае дачыненне да рэпрэсіяў. Напрыклад, у калоніі яны думаюць, што могуць зламаць або перавыхаваць палітвязняў, але гэта не так — насамрэч гэта нараджае толькі нянавісць, яшчэ большую злосць і жаданне трыумфу справядлівасці.
— Ты верыш, што справядлівасць пераможа?
— Безумоўна.