БЕЛ Ł РУС

У дачкі заснавальніка «Новага зроку» па справе бацькі адабралі дом, які той падарыў ёй 14 год таму

24.12.2025 / 11:5

Nashaniva.com

Суд прызнаў несапраўднай дароўную Алега Каўрыгіна на імя дачкі ад 2011 года.

Заснавальніка «Новага зроку» Алега Каўрыгіна ў Беларусі судзілі завочна, у тым ліку і па палітычна матываваных артыкулах. Яго прысудзілі да 12 гадоў пазбаўлення волі і штрафу ў 400 тысяч рублёў, а таксама вырашылі спагнаць амаль 4 мільёны рублёў у даход дзяржавы. Сам Каўрыгін у каментарыі казаў, што не разумее, пра якія грошы гаворка, бо ні іх, ні маёмасці ў Беларусі ў яго няма. Пазней бізнесмен зразумеў, як улады хацелі забраць гэтыя грошы: яны аднялі дом у яго дачкі ад першага шлюбу. Гэтую нерухомасць ёй падарыў бацька яшчэ ў 2011 годзе, аднак суд прызнаў здзелку несапраўднай. «Люстэрка» распавядае падрабязнасці.

Дом у вёсцы Тарасава пад Мінскам Алег Каўрыгін пабудаваў у 2010 годзе. Кажа, адмыслова месца там не выбіраў.

— У мяне проста быў сябар, якога я бязмерна паважаю, цяпер ужо нябожчык, гэта Яўген Шыгалаў, заснавальнік кампаніі «Ждановічы». І ён хацеў мець побач чалавека, з якім можна камунікаваць, — распавёў бізнэсмен. — Я не шукаў і не думаў пра свой дом у прынцыпе — у мяне была кватэра ў Мінску. Дык вось ён мне прадаў вельмі танна ўчастак у Тарасаве з фундаментам. Я пабудаваў сабе дом даволі хутка, за паўтара года. І так апынуўся ў кампаніі суседзяў, якіх не выбіраў: з аднаго боку ад дома жыве Віктар Шэйман, з другога — Алена Скрыпель, якая валодае д'юці-фры «Хелена і Валеры». Але і ў цэлым пасёлак сам па сабе вядомы.

Каўрыгін кажа, што пасля пабудовы дома ў ім практычна не жыў. З жонкай Наталляй яны развяліся, а ў 2011 годзе бізнэсмен ужо збіраўся пераязджаць у Літву канчаткова. Ён прадаў аўто, закрыў справы, атрымаў пашпарт серыі PP і ў ліпені 2011 года вырашыў падарыць дом дачцэ Злаце.

Дзяўчынцы на той момант было чатыры гады.

— Тады я не ведаў, дзе будзе жыць мая былая жонка з дачкой, ды і хацеў свайму дзіцяці забяспечыць будучыню, — тлумачыць Каўрыгін. — Мы пайшлі да натарыуса, і я аформіў дароўную.

Закрыўшы справы ў Беларусі, мужчына з’ехаў у Літву. Праз пяць гадоў Злата з маці здалі жыллё ў арэнду і перабраліся ў Іспанію. Алег кажа, што ў планах дачкі было вярнуцца ў Беларусь і паступіць ва ўніверсітэт у Мінску. Жыць яна планавала ў тым самым доме.

Прайшло 11 гадоў. У лютым 2023 года ў сетку медцэнтраў «Новы зрок» прыйшлі сілавікі. Следчы камітэт арыштаваў маёмасць кампаніі. Тады ж ён наклаў арышт і на дом дачкі Каўрыгіна, хоць Злата не мела ніякага дачынення да крымінальнай справы.

У лістападзе 2024 года суд завочна прысудзіў Алега Каўрыгіна да 12 гадоў пазбаўлення волі. Далей Генпракуратура падала грамадзянскі пазоў, каб спагнаць шкоду, якую ён нібыта нанёс дзяржаве. У выніку доўг вырас да 3,82 мільёна рублёў.

Суд Мінскага раёна не задаволіў пазоў аб зняцці арышту з дома дачкі Каўрыгіна. Больш за тое, ён прызнаў і саму дамову дарэння несапраўднай. Пазіцыя пракурора Наталлі Мацейка палягала ў тым, што дамова была заключана з мэтай пазбегнуць спагнання на маёмасць, бо Каўрыгін нібыта ўжо тады планаваў «злачынную дзейнасць».

Суддзя Георгій Красуцкі пагадзіўся з гэтымі довадамі і прызнаў нікчэмнай дамову дарэння ад 2011 года. Па сутнасці, правы на ўчастак і дом вярнуліся да Алега Каўрыгіна, і цяпер нерухомасць могуць прымусова прадаць. Сам заснавальнік «Новага зроку» называе гэта абсурдам:

— Нібыта я ў 2011 годзе планаваў нейкую злачынную дзейнасць у 2023-м? Марыярці нервова курыць у баку. Абвінавачванні такія абсурдныя, тупыя. Я разумею, што дом нехта прыгледзеў, таму і такое рашэнне суда. Яно чыста палітычнае. А той, хто паспрабуе купіць гэты дом, павінен разумець, што па сутнасці ён — крадзены.

Чытайце таксама:

Што цяпер знаходзіцца на месцы клінікі «Новы зрок» у Мінску?

«Апошнімі дзецьмі, якіх блаславіў Папа Францішак, былі мае». Беларускі бізнэсовец распавёў, як хрысціў сыноў у Ватыкане

З трох памяшканняў закрытай клінікі «Новы зрок» прадалі толькі адно

У «спіс тэрарыстаў» дадалі дзевяць чалавек, у тым ліку кіраўніка «Новага зроку»

Каментары да артыкула