БЕЛ Ł РУС

Расказваем пра мілы інструмент, які дапаможа перайсці са старога году ў новы — ён ёсць па-беларуску

28.12.2025 / 8:30

Nashaniva.com

Для тых, хто любіць падводзіць вынікі года і планаваць наступны, ёсць просты інструмент — YearCompass. І яго можна сцягнуць бясплатна — нават на беларускай мове.

YearCompass – ілюстрацыйная выява (скрыншот новага компаса і фон, дамаляваны нейрасеткай)

Што такое YearCompass?

YearCompass — гэта ініцыятыва, створаная ў Будапешце ў 2012 годзе. Група сяброў хацела неяк асэнсаваць свой мінулы год і запланаваць наступны, таму стварыла сшытак з пытаннямі. Ідэя была настолькі запатрабаванай, што хутка выйшла за межы Венгрыі. Сёння буклетам карыстаюцца мільёны людзей, а валанцёры перакладаюць яго на дзясяткі моў, уключаючы беларускую.

Аўтары кажуць, што не варта пераходзіць да планавання 2026 года, пакуль не разбярэцеся з мінулым годам. Буклет змушае вас падняць архівы: прагартаць каляндар, паглядзець фота ў галерэі тэлефона і адказаць на нязручныя пытанні. Каму вы ўдзячныя? Што вы не паспелі? Якую самую вялікую памылку зрабілі?

Для людзей, якія часта жывуць у стане нявызначанасці, гэта добры спосаб вярнуць сабе адчуванне кантролю. Праўда, на запаўненне буклета трэба некалькі гадзін, і варта гэта ўлічыць.

Як падрыхтавацца да запаўнення

1. Сцягнуць буклет

Сцягнуць яго можна на афіцыйным сайце yearcompass.com. На галоўнай старонцы трэба пракруціць уніз да спісу моў і выбраць «Беларуская».

2. Абярыце: друкаваць ці запоўніць на камп'ютары

Аўтары настойліва раяць запаўняць компас ад рукі, бо гэта лепш задзейнічае нейронныя сувязі. Ёсць два варыянты файлаў:

Пры друку абірайце «Двухбаковы друк» (Two-sided) і наладу «Пераварочваць па кароткім краі» (Flip on short edge). Калі выбраць доўгі край, палова старонак будзе дагары нагамі.

Калі няма прынтара, можна запаўняць PDF на планшэце са стылусам ці выкарыстоўваць лічбавую версію (Fillable PDF), дзе можна набіраць з клавіятуры.

Як запаўняць YearCompass

  1. Настроіцца. Вам спатрэбіцца мінімум 3‑4 вольныя гадзіны, калі вас ніхто не будзе чапаць. Ідэальна разбіць гэта на два вечары — напрыклад, 28 і 29 снежня. Сядзьце зручна, вазьміце ўлюбёную асадку, уключыце спакойны плэйліст і наліце сабе прыемнага напою.
  2. Развітацца з 2025-ым. Тут будзе шмат пісаніны. Вы пройдзецеся па сферах: праца, сям'я, сябры, адпачынак, ментальнае здароўе.
  3. Адкрыйце Google Photos або архіў сторыз у інстаграме за год, не забывайцеся пра каляндар і медыя з Telegram (калі вы іх не выдаляеце). Вы здзівіцеся, колькі ўсяго забыліся.
  4. Важны раздзел — «Адпусціць». Напішыце туды ўсё, што перашкаджае вам рухацца, і пакіньце гэта ў старым сшытку.
  5. Стварыць 2026-ы. Толькі пасля таго, як перагорнеце старонку «Мінулае», пачынайце планаваць. Тут не трэба пісаць мэты пра шлях да ідэальнай версіі сябе — стваральнікі прапануюць быць творчымі і не забараняць сабе марыць.

Сэнс не ў тым, каб выканаць усе пункты ідэальна, а ў тым, каб спыніцца і зразумець, дзе вы знаходзіцеся цяпер і куды хочаце рухацца далей.

Паспрабуйце. У горшым выпадку вы проста памалюеце ў сшытку. У лепшым — увойдзеце ў 2026‑ты з яснай галавой і спакоем, якога так не хапае.

{DONATE_PAYPAL}

Чытайце таксама:

Як правільна выбраць салодкі падарунак дзіцяці і якіх дабавак трэба пазбягаць

На Каляды і Новы год беларусаў Вільні і Варшавы запрашаюць на канцэрты

Жыхары шматпавярховіка скінуліся і самастойна ўпрыгожылі пад'езд да Новага года — толькі паглядзіце

Каментары да артыкула