У Канадзе дазволілі збіраць подпісы за рэферэндум аб аддзяленні галоўнай нафтаздабыўной правінцыі
У Канадзе дазволілі пачаць збор подпісаў за правядзенне рэферэндуму аб незалежнасці Альберты — галоўнай нафтадабыўной правінцыі краіны. Камісія па выбарах Альберты падтрымала ініцыятыву групы Alberta Prosperity Project («Праект росквіту Альберты»), паведамляе CBC.
Правінцыя Альберта на карце Канады. Фота: Wikimedia Commons
Да пачатку студзеня група павінна прызначыць фінансавага дырэктара, пасля чаго можна будзе афіцыйна распачаць кампанію. У петыцыі прапануецца вынесці на галасаванне пытанне: «Ці згодныя вы, што правінцыя Альберта павінна перастаць быць часткай Канады і стаць незалежнай дзяржавай?»
Паводле правіл, арганізатары павінны за чатыры месяцы сабраць не менш за 178 тысяч подпісаў, што складае каля 3,5% насельніцтва Альберты. У самой групе ўжо налічваецца каля 2 тысяч чалавек, а яшчэ прыкладна 240 тысяч жыхароў нібыта гатовыя падтрымаць ініцыятыву сваімі подпісамі.
Раней у гэтым годзе спроба правесці рэферэндум правалілася: суд прызнаў першапачатковую фармулёўку пытання неканстытуцыйнай. Пасля гэтага правілы правядзення рэферэндумаў па грамадзянскай ініцыятыве былі змененыя, што дазволіла групе перафармуляваць пытанне і паўторна падаць заяўку.
Панарама начнога Эдмантана. Фота: Wikimedia Commons
Альберта — ключавая нафтаздабыўная правінцыя Канады, дзе знаходзіцца 95—97% разведаных запасаў нафты краіны, пераважна ў выглядзе бітумінозных нафтавых пяскоў. Правінцыя размешчаная на захадзе краіны, на поўдні яна мяжуе з амерыканскім штатам Мантана.
Альберта ўвайшла ў склад Канады ў 1905 годзе. Яе адміністрацыйны цэнтр — Эдмантан, найбольшы горад — Калгары. Насельніцтва правінцыі перавышае 4 мільёны чалавек.
Чытайце таксама:
Як адключэнне інтэрнэту ў Іране раптам раскрыла сувязь Тэгерана з шатландскім сепаратызмам
Прарасійскі рэгіён Афрыкі, дзе забілі вагнераўцаў, аб'яднаўся ў канфедэрацыю. Дзеля чаго?
«Тэхас — наш!» АНТ апублікаваў фэйкавы допіс Маска
Прэм'ер Грэнландыі: Мы не хочам быць амерыканскімі або дацкімі, але хочам быць незалежнымі