«Беларуськалій» банкрутуе дачку, якую ніхто не захацеў купіць
«Беларуськалій» ініцыяваў банкруцтва кампаніі «Еўрапейскае аграрнае агенцтва» (ЕАА), бо не здолеў прадаць сваю кантрольную долю ў гэтым бізнэсе. Прадпрыемства валодае 55 % акцый ЕАА, але пакупнікоў на іх так і не знайшлося, піша выданне «Белорусы и рынок».
Фота: eaa.by
Мінскі суд, разгледзеўшы заяву, прызнаў, што ёсць дастатковыя падставы для пачатку справы аб банкруцтве, і ўвёў у дачыненні да кампаніі ахоўны перыяд.
Мэта «Беларуськалія» — дамагчыся вяртання больш як 220 тысяч рублёў запазычанасці, а таксама кампенсацыі каля 2,4 мільёна рублёў стратаў.
ЕАА было створана як сумеснае прадпрыемства «Беларуськалій-агра» і эстонскай кампаніі European Agricultural Agency, якую кантралюе беларускі бізнэсмен Аляксандр Багачэнка. Кампанія займалася продажам сельскагаспадарчай тэхнікі ў Беларусі і іншых краінах постсавецкай прасторы. Сам Багачэнка таксама з’яўляецца ўладальнікам аграрнага медыяпартала AgroNews.
У 2024 годзе ЕАА не выканала абавязацельствы па сваіх аблігацыях, а пазней Міністэрства фінансаў Беларусі прыпыніла іх абарачэнне. Напрыканцы таго ж года «Беларуськалій-агра» спрабаваў прадаць сваю долю ў кампаніі, але безвынікова.
Судовы разгляд справы аб банкруцтве запланаваны на сярэдзіну студзеня 2026 года. Тым часам Аляксандр Багачэнка актыўна развівае бізнэс у Польшчы і нядаўна стварыў там новую кампанію.
Чытайце таксама:
Міністр абароны Літвы: Грошы ад транзіту беларускага калію праз Літву можна пералічваць Украіне
ЗША выдалі ліцэнзію на транзакцыі з беларускімі калійнымі прадпрыемствамі
Што азначае зняцце амерыканскіх санкцый для беларускага калію