БЕЛ Ł РУС

«Роўна суткі без перасадак». На выездзе з Польшчы ў Беларусь — чэргі аўтобусаў

22.12.2025 / 12:33

Nashaniva.com

Напярэдадні калядных святаў дзясяткі аўтобусаў стаяць у чарзе на ўезд у Беларусь з Польшчы. Пасажыры праводзяць на мяжы каля сутак. Зноў набыла папулярнасць практыка перасадак за дадатковую плату ў аўтобусы, якія стаяць наперадзе ў чарзе, піша Most.

Фота: Памежны камітэт

Як пішуць карыстальнікі памежных чатаў, праходжанне мяжы праз пункт пропуску «Тэрэспаль — Брэст» займае каля сутак ці нават больш.

Віктар ехаў з Варшавы. Ён піша, што прыбыў на мяжу 21 снежня а 04:50, яго аўтобус быў 56‑м у чарзе. Пасажыры пакінулі памежны пераход з беларускага боку толькі 22 снежня а 08:30. На польскім пункце пропуску аўтобус аформілі за 25 хвілін, а на беларускім баку — за чатыры з паловай гадзіны.

У карыстальніцы Vera Vanislavskaya праходжанне мяжы без перасадкі заняло 28 гадзін 15 хвілін: прыбылі на мяжу 21 снежня а 01:30, а выехалі з мяжы 22 снежня а 05:15.

— Мяжа РП—РБ — роўна суткі без перасадак, — піша карыстальніца Анжэла.

Многія карыстальнікі адзначаюць, што кантроль на выезд з Польшчы праходзіць хутка, а беларуская старана накіроўвае значную частку транспартных сродкаў на рэнтген.

Перад шлагбаумам мяняюць бус на 20 месцаў на вялікі аўтобус

Разам з чэргамі на мяжу вярнулася і практыка платных перасадак у першыя ў чарзе аўтобусы. Гэтым разам «падсадкі» практыкуюцца на польскім баку мяжы. У Тэрэспалі нават з’явіліся кіроўцы, якія прапануюць падвезці пасажыраў аўтобусаў да пачатку чаргі. Гэтая паслуга каштуе 20 злотых.

За перасадку ў адзін з першых аўтобусаў у чарзе плацяць па 50 еўра. У пасажыраў, якія скарысталіся такім спосабам, праходжанне мяжы заняло 4,5—5 гадзін.

Карыстальнікі чата апісалі сумнеўную практыку некаторых перавозчыкаў: яны спачатку ставяць у чаргу бус на 20 пасажыраў, а перад шлагбаумам мяняюць яго на 50‑месны аўтобус. Такім чынам перад мяжой з’яўляюцца дзясяткі вольных месцаў, якія можна прадаць па 50 еўра.

Што ў «Баброўніках»

Чэргі аўтобусаў з’явіліся і на памежным пераходзе «Баброўнікі — Бераставіца». У чатах пішуць, што ўначы з 21 на 22 снежня ў чарзе на выезд з Польшчы ў Беларусь было 24 аўтобусы.

Праходжанне мяжы ў бок Беларусі займае 24—25 гадзін.

На выезд з Беларусі таксама чэргі

Чэргі аўтобусаў ёсць і на беларускім баку мяжы. У «Брэсце» некаторыя перавозчыкі практыкуюць перасадку ў падменныя аўтобусы бліжэй да пачатку чаргі. Праходжанне мяжы на аўтобусе ў бок Польшчы праз пункт пропуску «Брэст — Тэрэспаль» займае блізу васьмі гадзін.

У «Бераставіцы» праходжанне мяжы ў бок Польшчы займае 12—14 гадзін.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула