Аб’ект «Участак». Што напраўду будуюць на былой ракетнай базе пад Слуцкам паводле сакрэтнага распараджэння Лукашэнкі
У Слуцкім раёне Мінскай вобласці на месцы былой савецкай ракетнай базы ўжо амаль паўтара года вядзецца будаўніцтва маштабнага закрытага комплексу, які ў афіцыйных дакументах не мае ні назвы, ні пазначанага прызначэння. Праект рэалізуецца на падставе сакрэтнага распараджэння Аляксандра Лукашэнкі, а маштабы і інфраструктура робяць яго адной з найбуйнейшых будоўляў вайсковага характару ў Беларусі, піша «Радыё Свабода».
Агульны выгляд месца будаўніцтва. Здымак Planet Labs 25 верасня 2025 года. Аб’ект мае чатыры асобныя часткі — асноўную і тры амаль роўныя па плошчы паміж сабою побач. Усе яны злучаюцца новапабудаванымі дарогамі
19 студзеня падчас Усебеларускага народнага сходу Аляксандр Лукашэнка публічна адрэагаваў на расследаванне «Радыё Свабода», падрыхтаванае ў верасні ў супрацоўніцтве з украінскай камандай «Схемы» і эстонскімі выданнямі Delfi Estonia і Eesti Ekspress. У матэрыяле ўдалося раскрыць пачатковую стадыю будаўніцтва невядомага сакрэтнага вайсковага аб’екта ў Слуцкім раёне каля вёскі Паўлаўка і аграгарадка Вежы — на месцы былога савецкага вайсковага гарадка 306‑га ракетнага палка стратэгічнага прызначэння.
На падставе аналізу спадарожнікавых здымкаў апытаныя «Свабодай» вайсковыя эксперты тады выказалі версію, што новы аб’ект дакладна мае важнае значэнне для ўладаў Беларусі і нават можа быць прыдатны для размяшчэння расійскага ракетнага комплексу «Арэшнік», аднак падкрэслілі, што дакладнае канчатковае прызначэнне аб’екта пакуль немагчыма вызначыць.
Лукашэнка, выступаючы на УНС, казаў дакладна пра гэты аб’ект — ён заявіў, што інфармацыя пра размяшчэнне «Арэшніка» ў Слуцкім раёне не адпавядае рэчаіснасці.
«Сёння прачытаў: нашы ачумелыя за мяжой заявілі, што недзе ў раёне Слуцка мы размясцілі «Арэшнік». Гэта поўная хлусня. Ні ў якім Слуцку мы «Арэшнік» не размяшчалі. Размясцілі там, дзе больш выгадна, але я пра гэта казаць не буду», — сказаў ён.
Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка не ўдакладніў, якое менавіта прызначэнне мае знойдзены журналістамі аб’ект, які, аднак, можа прэтэндаваць на званне самай вялікай будоўлі вайсковага прызначэння ў Беларусі.
Аб’ект «Участак»
«Свабода» атрымала дакументы, на падставе якіх можна сцвярджаць, што будаўніцтва ў Слуцкім раёне распачата на падставе сакрэтнага распараджэння Аляксандра Лукашэнкі ад 2 лістапада 2023 года № 181 рп-с (дадатковая літара «с» можа азначаць менавіта сакрэтны фармат распараджэння). Выкананне работ пры гэтым загадана весці без афармлення зямельна-кадастравай дакументацыі і дадатковых узгадненняў аб выдзяленні зямельных надзелаў, якія маюць сельскагаспадарчае прызначэнне, а таксама зямель з ліку ляснога фонду.
«Пра тое, што там будуецца, ніхто не даведаецца, пакуль не скончацца работы»
Свабода мае сведчанні мясцовых жыхароў і людзей, якія працавалі на будоўлі. Яны апісваюць аб’ект як строга закрыты і маштабны.
«Быў я на будоўлі і размаўляў з людзьмі. Пра тое, што там будуецца, ніхто не даведаецца, пакуль не скончацца работы», — кажа адзін з будаўнікоў.
Мясцовы жыхар дадае: «Жыву непадалёк, і будуюць яны гэта ўсё вельмі актыўна».
Пры гэтым некаторыя суразмоўцы агучваюць і ўласныя здагадкі.
«Сёння размаўляў з сэрвіснай службай кранаў: у тым раёне павінен будавацца завод для вытворчасці дронаў. Там шмат кранаў, ім работы шмат», — кажа адзін з іх, падкрэсліваючы, што гаворка ідзе пра неафіцыйную інфармацыю.
Яшчэ адзін суразмоўца апісвае маштаб будоўлі так:
«Я на адным будынку налічыў 18 кранаў. І гэта толькі на адным».
Як пісала раней «Свабода», месца, дзе ідзе будоўля, мае вайсковае мінулае. Менавіта ў гэтых лясах з канца 1959 да 1993 года размяшчаўся вайсковы гарадок слуцкага 306‑га ракетнага палка стратэгічнага прызначэння. Ракеты, якія знаходзіліся тут у савецкі час, неслі пагрозу спачатку ўсёй Еўропе, а пазней і Злучаным Штатам Амерыкі. Пасля распаду СССР аб’ект прыйшоў у заняпад. Але тут яшчэ заставаліся некаторыя фартыфікацыі, стартавыя пляцоўкі ракет, шахты, бункеры, ангары і іншыя вайсковыя збудаванні.
Прыкладна з вясны 2024 года тэрыторыю былой вайсковай базы пачалі «асвойваць» па-новаму. Спачатку сюды прыехалі сапёры супрацьміннага цэнтра Узброеных Сіл для расчысткі тэрыторыі ад снарадаў. Работы доўжыліся амаль усю вясну і скончыліся толькі 7 чэрвеня 2024 года.
З 16 чэрвеня 2024 года на спадарожнікавых здымках відаць, што тут пачалася расчыстка тэрыторыі ад лесу і земляныя работы. У снежні 2024 года — падвод і рэканструкцыя ў акрузе электрычных камунікацый з пабудовай новых падстанцый.
У праектнай дакументацыі не раскрываецца ні афіцыйная назва аб’екта, ні яго прызначэнне або канчатковы карыстальнік. Часцей за ўсё гэтае месца пазначана як «Будаўнічы аб’ект «Участак» ці проста пазначаецца «аб’ект паблізу аграгарадка Вежы».
«Будаўнічым аб’ектам «Участак» называлі яго і ў дакументах Слуцкага раённага выканаўчага камітэта, калі летам 2025 года туды выязджала камісія па ахове працы з прычыны выпадку са смерцю рабочага ад падзення пад’ёмнага крана. Якраз на 2025 год прыпаў самы актыўны перыяд будаўніцтва. За гэты час плошча забудовы склала больш за 2 квадратныя кіламетры. Гэта каля 280 футбольных палёў.
На спадарожнікавых здымках сэрвісу Planet Labs, што атрымала «Свабода» за 2025 год, бачна, што аб’ект будаўніцтва мае чатыры асобныя часткі — асноўную і тры амаль роўныя па плошчы паміж сабой побач. Усе яны злучаюцца новапабудаванымі дарогамі.
У заходняй частцы аб’екта высеклі больш за квадратны кіламетр лесу і пабудавалі 13 складоў боепрыпасаў памерам 30 на 20 метраў, акружаных абарончымі сценамі. На спадарожнікавым здымку 18 снежня 2025 года бачна, што тут таксама пабудавалі тры ангары даўжынёй 100 метраў, заклалі падмуркі рознага кшталту будынкаў, адзін з іх у форме літары «П» даўжынёй амаль 270 метраў, а таксама 6 невялікіх ангараў, прыхаваных абарончымі землянымі насыпамі. Усе гэтыя пабудовы злучае сетка аўтамабільных дарог, на большасці з якіх ужо ляжыць асфальт.
Заходні, самы буйны ўчастак будаўніцтва вайсковага аб’екта на спадарожнікавым здымку 18 снежня 2025 года. Абведзеныя склады боепрыпасаў і невялікія ангары з абарончымі землянымі насыпамі
Паўночны ўчастак будаўніцтва каля вёскі Паўлаўка размешчаны на землях, якія яшчэ летась былі задзейнічаныя ў сельскай гаспадарцы. У снежні 2025 года тут відаць 8 каркасаў будынкаў, падобных да ангараў, разам з абарончымі землянымі валамі.
Паўночны ўчастак будаўніцтва вайсковага аб’екта на спадарожнікавым здымку 18 снежня 2025 года. Абведзеныя 8 каркасаў будынкаў, падобных на ангары, разам з абарончымі землянымі валамі
На паўднёва-ўсходнім участку будаўніцтва бачны каркас будынка даўжынёй амаль 150 метраў, каля 8 невялікіх збудаванняў, абароненых землянымі насыпамі. На дарогах, якія вядуць усярэдзіну гэтага ўчастка, узводзяцца будынкі, падобныя да кантрольна-прапускных пунктаў.
Паўднёва-ўсходні ўчастак будаўніцтва вайсковага аб’екта на спадарожнікавым здымку 25 верасня 2025 года
З дакументаў, якія атрымала «Свабода», вынікае, што для вайсковага аб’екта будуецца ўласная сістэма водазабеспячэння з трыма артэзіянскімі свідравінамі. Закупляецца абсталяванне для падачы, захоўвання і ачысткі вады, у тым ліку рэзервуары чыстай вады і матэрыялы для абезжалезвання. Паводле апісанняў вытворцаў, такое абсталяванне выкарыстоўваецца на буйных прамысловых аб’ектах з пастаяннай патрэбай у вадзе.
Пабудова вайсковай вытворчасці пад гарантыю Савета Міністраў
Пра тое, што на тэрыторыі плануецца арганізаваць вайсковую вытворчасць, можа сведчыць наяўнасць у апісанні дзяржаўных тэндараў такіх аб’ектаў, як «вытворчы будынак з адміністрацыйна-бытавым комплексам 1.1», «вытворчы будынак 2.1», «склад А2.3—А2.4, К2.1—К2.2», «склад сыравіны і камплектуючых А1.9—А1.14». Таксама тут запланаваная пабудова «маналітных збудаванняў грамадзянскай абароны №3», асобнага пажарнага дэпо, будынка сталовай і кацельні. Для аднаго з вытворчых карпусоў патрабуецца ўладкаванне «прамысловай падлогі» на плошчы амаль 1,2 тысячы квадратных метраў.
Работы на аб’екце вядуць адразу некалькі будаўнічых арганізацый. Сярод іх — «Будтрэст №3» з Салігорска. На снежань 2025 года на сайце дзяржаўных тэндараў яны заказалі два аўтобусы для перавозкі 105 работнікаў па маршруце «Салігорск — аграгарадок Вежы (аб’ект «Участак»)», таксама звярнулі ўвагу на неабходнасць у вялікай колькасці субпадрадчыкаў.
Працы на аб’екце суправаджаюцца ўзмоцненым рэжымам канфідэнцыйнасці. Згодна з дакументамі «Будтрэста №3», уся тэхнічная і конкурсная дакументацыя для патэнцыйных субпадрадчыкаў перадаецца толькі пасля падпісання асобнага пагаднення аб неразгалошванні. Матэрыялы выдаюцца не ў адкрытым выглядзе, а на электронным носьбіце, які падлягае абавязковай рэгістрацыі ў службе бяспекі прадпрыемства. Без падпісанага пагаднення аб канфідэнцыйнасці ўдзельнікі не маюць доступу ні да ўмоў, ні да праектных матэрыялаў.
Пры гэтым зацвярджэнне субпадрадных арганізацый адбываецца пры ўдзеле «спецыяліста па экстрэмісцкай і эканамічнай бяспецы» «Будтрэста №3» Аляксея Капачэні, што зафіксавана ва ўнутраных распараджэннях прадпрыемства ад 6 лютага 2025 года.
Кошт некаторых заказаў на субпадрад ад «Будтрэста №3» дасягае амаль 3 мільёнаў беларускіх рублёў (каля 900 тысяч даляраў). І такіх заказаў амаль два дзясяткі.
Як і ў абсалютнай большасці іншых дзяржаўных устаноў, што будуюць на аб’екце ў Слуцкім раёне, крыніцы такіх вялікіх фінансавых укладанняў пазначаныя не бюджэтныя, а ўласныя сродкі арганізацый. У «Будтрэста №3» — таксама, праўда, уласныя сродкі ў іх дакументах падаюцца больш канкрэтна: крэдытныя рэсурсы ААТ «Белінвестбанк» пад гарантыю Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь.
Як вынікае з дакументаў, атрыманых «Свабодай», да красавіка 2026 года на аб’ект «Участак» павінны завезці першае тэхналагічнае абсталяванне. Аднак нават на гэтым этапе ні афіцыйная назва комплексу, ні яго канчатковае прызначэнне, ні арганізацыя, якая будзе ім карыстацца, у публічных дакументах так і не былі раскрытыя. Будаўніцтва аднаго з самых маштабных закрытых аб’ектаў у краіне працягваецца без публічных тлумачэнняў. Аднак нервовая рэакцыя Лукашэнкі можа ўскосна пацвярджаць стратэгічную важнасць аб’екта.
Чытайце таксама:
За 60 кіламетраў ад Мінска будуюць сакрэтную вайсковую базу
Лукашэнка выказаўся пра размяшчэнне «Арэшніка»
Зяленскі: Украіна ведае, дзе ў Беларусі будзе размешчаны «Арэшнік», і перадае даныя партнёрам