У Беларусі самалёт атрымаў пашкоджанні пры пасадцы
11 снежня ў раёне аэрадрома Хажова ў Маладзечанскім раёне адбылося авіяцыйнае здарэнне з вучэбным самалётам SportStar RTC (рэгістрацыйны нумар EW-536SL), які належыць лётнай школе «Крылы». Пра інцыдэнт паведамілі ў Міждзяржаўным авіяцыйным камітэце (МАК), піша тэлеграм-канал «ОтВинта».
Фота: t.me/otvinta_by
Паводле афіцыйнай інфармацыі, людзі, якія былі на борце, не пацярпелі, аднак самалёт атрымаў пашкоджанні. МАК стварыў спецыяльную камісію, якая пачала расследаванне абставін здарэння.
З неафіцыйных крыніц у авіяцыйным асяроддзі стала вядома, што пашкоджанні ўзніклі ў выніку жорсткай пасадкі. Пры гэтым папярэдне адзначаецца, што паветранае судна можна аднавіць — пра яго спісанне гаворкі не ідзе. У самалёце былі двое: спрактыкаваны пілот-інструктар і курсант. Абодва засталіся цэлыя.
Аэрадром Хажова мае грунтовую ўзлётна-пасадачную паласу. У зімовы перыяд такія палосы асабліва складаныя ў эксплуатацыі з-за прамярзання грунту, нераўнамернай шчыльнасці паверхні, пагаршэння счаплення і ўздзеяння бакавога ветру падчас заходу на пасадку. Для навучальных палётаў у халодны сезон гэтыя фактары істотна павышаюць рызыку няштатнай пасадкі, нават калі на борце ёсць інструктар.
Сітуацыю пракаментаваў дырэктар аэрадрома Анатоль Баранчык. Паводле яго слоў, камісія вывучыла абставіны і прэтэнзій да аэрадрома не мае: узлётна-пасадачная паласа адпавядае сертыфікацыйным патрабаванням, а няўдалая пасадка адбылася з-за памылкі пілота.