БЕЛ Ł РУС

Халезін: Трэба пытацца «што вы вытвараеце» не ў Бабарыкі, а ў яго дарадцаў

17.12.2025 / 17:17

Nashaniva.com

Рэжысёр і журналіст Мікалай Халезін выказаўся на сваёй старонцы ў фэйсбуку пра скандальнае інтэрв'ю экс-палітвязня Віктара Бабарыкі ўкраінскаму журналісту Уладзіміру Золкіну, дадзенае на другі дзень пасля вызвалення і апублікаванае ўчора. На думку Халезіна, віна за тое, што Бабарыка пагадзіўся на гэта інтэрв'ю і нагаварыў падчас яго сумнеўных рэчаў, ляжыць перадусім на яго атачэнні. 

Іван Краўцоў. Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

Адчуванне дэжавю беларусаў не пакідае. Яны задаюцца адным пытаннем, якое адрасуюць адзін аднаму, бо задаць яго больш няма каму: «кожны вызвалены вядомы беларус будзе публічна выконваць свой сольны паход па граблях, якія раз за разам разбіваюць яму твар».

Адказ відавочны: не кожны. Бо не пайшлі на розныя інтэрв'ю Павел Севярынец, Марына Золатава, Максім Знак… Але пайшлі экс-кандыдаты ў прэзідэнты — крыху раней Сяргей Ціханоўскі, крыху пазней Віктар Бабарыка.

І тут, як мне здаецца, варта задаць пытанне «што вы вычвараеце?» не да іх саміх, а да іх «дарадцаў», ці хутчэй «дарадчыкаў».

У Злучаных Штатах ці ў Вялікабрытаніі ніхто з вядучых палітычных фігур не слухае «дарадчыкаў», паколькі на працягу многіх дзесяцігоддзяў у гэтых краінах існуе інстытут паліткансультантаў, якія і закліканы дапамагаць палітыкам у тым, каб абыходзіць «граблі» і берагчы твар.

На постсавецкіх прасторах такіх людзей прынята называць «піяршчыкамі», што з'яўляецца самай грубай паліталагічнай і паталагічнай памылкай. «Піяр» — вытворная ад PR-public relations — сувязі з грамадскасцю. Але дзейны палітык мае патрэбу не толькі ў выбудоўванні сувязяў з грамадскасцю, але і вызначэнні трэндаў у развіцці грамадства, тэндэнцый развіцця асобных сектараў эканомікі, інавацый у самых розных сферах, разумення намаганняў розных краін у сферы геапалітыкі etc.

Пры гэтым, напэўна, здзіўлю недасведчаных: паліткансультанты працуюць выключна ў калідоры сваіх палітычных перакананняў — паліткансультант-рэспубліканец ніколі не будзе працаваць на кліента-дэмакрата, колькі б яму ні прапаноўвалі ў якасці ганарару.

Але ў нас жа «піяршчыкі», а таму і вынік такі — адзін скандал ідзе за іншым без паўзы. Пачуўшы адну лухту, мы, не паспяваючы яе абмеркаваць, ужо атрымліваем іншую. І наша жыццё паступова ператвараецца ў непраходны «іспанскі сорам», хоць і нарадзіліся мы не ў Мадрыдзе або Більбаа.

Вядома, можна было б заплюшчыць вочы на гэтыя лакальныя ядзерныя выбухі, але бяда ў тым, што хваля ад іх закранае і ўсіх нас — беларусаў. Нават я, знаходзячыся за некалькі тысяч кіламетраў ад асяродку «выбуху», атрымліваю ад замежных партнёраў адну і тую ж просьбу: растлумач, што гэта значыць? І адказваю: пяць гадоў адзіноты, інкамунікада, катаванні, сваякі ў закладніках…

Напраўду, не. Рэч у іншым — хтосьці раіць нашым героям даваць гэтыя інтэрв'ю і нейкім чынам рыхтуе да іх. Зусім нядаўна Сяргей Ціханоўскі выдаў у эфір недарэчную гісторыю з «фінляндызацыяй» Беларусі, паслухаўшы свайго «піяршчыка» Вадзіма Пракоп'ева.

Не ведаю дакладна, хто «дапамагае» Віктару Бабарыку, але бачу па эфірах, што галоўнымі спікерамі ад асобы яго і Марыі Калеснікавай з'яўляюцца Іван Краўцоў і Антон Раднянкоў. А успамінаючы, як яны пасля сваіх уцёкаў ва Украіну таксама не змаглі вымавіць выразны адказ на пытанне журналіста «Чый Крым?», напрошваецца адказ, што яны і ёсць «піяршчыкі» экс-кандыдата ў прэзідэнты.

Інтэрв'ю Уладзіміру Золкіну растлумачыла нам, што няёмкасць першай прэс-канферэнцыі — гэта не выпадковасць, а заканамернасць — Віктар Бабарыка наўрад ці выступіць на баку Украіны, і будзе прытрымлівацца нейтралітэту. На які калі хтосьці і мог заплюшчваць вочы ў 2020-м, то цяпер гэты «нейтралітэт» выглядае хутчэй як здрада не толькі ўкраінцам, але і тым беларусам, якія не могуць прыняць нацысцкую сутнасць усходняга суседа.

Але хтосьці ж прапанаваў паўдзельнічаць у гэтым інтэрв'ю Віктару Дзмітрыевічу? У інтэрв'ю з Валодзем, які «выкрываў» закаранелых расійскіх ГРУшнікаў, не тое што беларусаў, якія правялі ў палітыцы не больш за год у далёкіх 2019‑20 гадах.

Застаецца толькі спытаць у Краўцова-Раднянкова: якія яшчэ цікавыя інтэрв'ю мы зможам убачыць у найбліжэйшай будучыні, каб запасціся… не, не папкорнам; хутчэй валідолам.

Чытайце таксама:

Бабарыка тры хвіліны адказваў на пытанне, чый Крым. Так і не адказаў

Краўцоў пра першую прэс-канферэнцыю Бабарыкі і Калеснікавай: Спрэчку раздзьмувалі выключна ў фэйсбуку, Лосік той жа

«Вельмі добра разумею беларускую мову. Нават не думаў». З'явілася ВІДЭА размовы беларускіх палітвязняў з Зяленскім

Пазняк пра Бабарыку і Калеснікаву: Ніякая турма не пераробіць такіх

Вызваленыя палітвязні едуць з Украіны ў Варшаву

Каментары да артыкула