Вызваленыя беларускія палітвязні расказалі, якія пачуцці маюць пасля вызвалення
Большасць беларускіх палітвязняў, вызваленых 13 снежня, неспадзявана для ўсіх выдварылі з Беларусі не ў Літву, а ва Украіну. Праз гэта іх, за выключэннем Алеся Бяляцкага, не маглі адразу пасля вызвалення сустракаць і размаўляць з імі беларусы. Аднак украінскія журналісты распыталі некаторых вызваленых вязняў, што яны адчуваюць, і выклалі адпаведнае відэа ў канале «Хочу жить».
Марыя Калеснікава:
«У першую чаргу, пачуццё неверагоднага шчасця: бачыць вочы людзей, якія табе дарагія, абдымаць іх. Разумець, што мы свабодныя людзі. Вялікае шчасце — назіраць першы свабодны захад сонца узрушальнай прыгажосці.
Марыя Калеснікава
Разам з тым, вядома, я думаю пра тых людзей, якія яшчэ не вольныя. І вельмі чакаю таго моманту, калі мы зможам усе абняцца, убачыць адзін аднаго. Я шчыра ўдзячная ўсім-усім датычным, хто знаходзіцца ў гэтым ланцужку свабоды людзей, ад самага верху да тых, хто нас суправаджае і дапамагае цяпер адчуць гэта адчуванне свабоды.
І я ўсяляк вітаю ўсе далейшыя крокі і падтрымліваю этапы працэсу, які пачаўся — і спадзяюся, вельмі пазітыўна для ўсіх скончыцца».
Аляксандр Фядута:
«Я ўдзячны ўсім тым, што ўзяў удзел у нашым вызваленні. Я ўдзячны сваім украінскім сябрам, у мяне іх шмат — у Кіеве, Жытоміры, былі ў Данецку, ёсць у Вінніцы, ёсць у Адэсе, Львове. Я ведаю, што яны перажывалі за мяне, пісалі маёй жонцы, выказвалі сваю маральную падтрымку.
Я хачу пажадаць Украіне міру, таго міру, якога яна дастойная і якога яна хацела б.
Аляксандр Фядута
Я хачу ўспомніць пра тых, хто не дажыў да сённяшняга дня. Хтосьці памёр у калоніі, хтосьці скончыў жыццё самагубствам, таму што страціў надзею на магчымасць хуткага вызвалення. Але большасць чакае свабоды і верыць у свабоду.
Чатыры радкі свае, якія я напісаў у калоніі:
«Кофе горячий, вкус шоколада —
Что ещё бедному узнику надо?
В небе полёта, солнца восхода,
Губы любимые и воздух свободы.
Вось сёння Украіна дала мне паветра свабоды. Дзякуй».
Сяргей Іванцоў:
«Я малавядомая персона, і хачу ад імя ўсіх малавядомых і зусім невядомых палітычных вязняў сказаць некалькі слоў.
Па-першае, выказаць падзяку за тое, што мы сёння вызваленыя, у гэты дзень Андрэя Першазванага 13 снежня 2025 года мы дыхнулі паветрам свабоды. Дзякуй усім тым, хто браў удзел у гэтым.
Сяргей Іванцоў
Таксама хацеў бы сказаць, што сапраўды шмат людзей засталося ў зоне, добрых маіх знаёмых, а некаторыя з іх сталі маімі сябрамі. І кожную раніцу на праверцы ў калоніі, калі я маліўся за іх, іх рабілася ўсё больш і больш, з 2020 года накапілася вельмі шмат, і я баяўся забыцца нейкае імя. І хачу сказаць, што сёння я бачу шмат людзей з гэтага спісу цяпер у аўтобусе. Я вельмі рады іх бачыць, і з заўтрашняга дня спіс імёнаў, якія трэба мне будзе ўспамінаць у малітвах, скароціцца вельмі моцна. Гэта вельмі цудоўна, і хай ён скараціцца да нуля. Хай людзі выйдуць на свабоду.
Жыве Беларусь!»
Марына Золатава:
«Я радая, што выйшла не праз 12 гадоў, а праз чатыры з паловай гады. І ўдзячная ўсім тым, хто прыняў удзел у нашым датэрміновым вызваленні. Таму што кожны дзень у няволі — гэта вельмі цяжка.
Марына Золатава
З аднаго боку, радасна, што найбліжэйшым часам, я спадзяюся, змагу абняць родных і блізкіх — а з другога боку, вельмі горка ад таго, што яшчэ шмат жанчын знаходзяцца ў гомельскай калоніі. Сярод іх шмат жанчын сталага ўзросту, з праблемамі са здароўем».
Уладзімір Гарох:
«Перш за ўсё я хачу падзякаваць прэзідэнту Трампу, прэзідэнту вялікай, цудоўнай краіны Украіны Уладзіміру Зяленскаму, усім тым, хто браў удзел у нашым вызваленні. Я хачу падзякаваць украінскаму народу за вашу мужнасць. Вы змаглі не пабаяцца і кінуць выклік расійскім акупантам — і я ўдзячны вам.
Уладзімір Гарох
Таксама я рады, што мая дачка таксама ўносіць сваю малую долю — яна служыць у медыцынскай роце і дапамагае ўкраінскім салдатам.
І коратка я яшчэ хацеў бы выказаць свае эмоцыі словамі кароткага верша, які першым напісаў у СІЗА:
«С горячим сердцем, крепкими руками,
Держу свободного народа знамя,
Хоть плоть в оковах — дух не сокрушен,
Я знаю твердо — будет враг пленен…»
Чытайце таксама:
«Пачуццё неймавернага шчасця». З'явілася вялікае ВІДЭА з вызваленымі беларускімі палітвязнямі
Спіс палітвязняў, вызваленых 13 снежня
За першыя тры гадзіны беларусы сабралі больш за 124 тысячы еўра для 123 вызваленых палітзняволеных
Былых беларускіх палітвязняў ва Украіне адправяць у санаторый
Зяленскі паразмаўляў з Марыяй Калеснікавай і павіншаваў яе з вызваленнем