БЕЛ Ł РУС

Расія ўдарыла па турэцкім судне ў порце ўкраінскага Чарнаморска

13.12.2025 / 01:28

Nashaniva.com

Расія нанесла ракетныя і беспілотныя ўдары па двух найбуйнейшых марскіх партах Адэскай вобласці — Адэсе і Чарнаморску. У Чарнаморску ад аднаго з удараў пацярпела турэцкае цывільнае судна.

Фота: ДСНС Украіны

Паводле кадраў Дзяржаўнай службы надзвычайных сітуацый Украіны, быў пашкоджаны балкер CENK T, які належыць турэцкай кампаніі і ходзіць пад панамскім сцягам. Пасля трапляння ў яго судна загарэлася.

Як сцвярджаецца, перад атакай балкер ішоў з турэцкага порта Карасу ў бок румынскай Суліны і перавозіў кантэйнеры турэцкай кампаніі AKSA, якая выпускае генератары.

Удары наносілі ракетамі «Іскандэр-М» і дронамі «Шахед», запушчанымі з тэрыторыі Крыма.

На мінулым тыдні Уладзімір Пуцін пагражаў пашырыць удары па ўкраінскіх партах і суднах, што заходзяць у іх, пасля таго як Украіна атакавала расійскія «ценявыя» танкеры. Ён заявіў, што Расія «можа адрэзаць Украіну ад мора», абвінаваціўшы Кіеў у «пірацтве».

Раней пад украінскія атакі трапілі расійскія танкеры Kairos, Virat і Dashan, якія перавозілі нафту.

Акрамя турэцкага балкера ў Чарнаморску, расійскі ўдар прыйшоўся і на кантэйнерны перагрузчык у порце Адэсы. Па словах віцэ-прэм’ера Украіны Аляксея Кулебы, адзін супрацоўнік прыватнай кампаніі быў паранены.

Атака адбылася ў той самы дзень, калі ў туркменскім Ашхабадзе прайшла сустрэча прэзідэнта Турцыі Рэджэпа Таіпа Эрдагана і прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна. Турэцкі прэзідэнт заклікаў абодва бакі — Расію і Украіну — спыніць удары па энергетычных аб’ектах і партах.

Чытайце таксама:

У ЗША ўхваляюць удары па «ценявым флоце» Расіі

Украінскія марскія дроны падбілі ў Чорным моры чарговы танкер расійскага «ценявога флоту» ВІДЭА

Танкер «Кайрас», атакаваны дронамі УСУ, сеў на мель ля ўзбярэжжа Балгарыі

Танкер, які перавозіў расійскую нафту, тоне ля берагоў Сенегала

Каментары да артыкула