БЕЛ Ł РУС

Ці паездкі Лукашэнкі ў Аман — прыкмета непазбежнага нападу Расіі на Еўропу праз Беларусь?

12.12.2025 / 22:20

Мікола Бугай

У сваім новым відэа эканаміст Сяргей Чалы зрабіў аналіз апошняга замежнага турнэ Лукашэнкі і прапанаваў тры версіі — малаімаверную, абнадзейваючую і песімістычную. Песімістычная, калі коратка, у тым, што Лукашэнка дакладна ведае пра планы Пуціна напасці на Еўропу з уцягваннем Беларусі самым найбліжэйшым часам, а таму і стараецца тэрмінова прыстроіць недзе у Амане свае грошы, каб яны не прапалі. Але бяда Чалага ў тым, што, робячы свае прароцтвы, ён не лічыць патрэбным заглыбляцца ў агульны кантэкст, піша Мікола Бугай.

Аляксандр Лукашэнка. Фота: Contributor/Getty Images

Нельга выключаць, што Расія нападзе ці, хутчэй, паспрабуе іншымі спосабамі зрабіць Еўропу падкантрольнай, калі Еўропа будзе слабой. Таму генсак НАТА Марк Рутэ ды іншыя заклікаюць нястомна ўзмацняць Еўропу.

Расія не нападзе, калі Еўропа будзе моцнай і пакуль Еўропа будзе моцнай. І адназначна Расія не нападзе пры цяперашнім балансе сілаў.

Аднак вось што новае проці ранейшых часоў: масавая вытворчасць дронаў, ракет і СПА дазваляе змяніць гэты баланс хутчэй, чым раней.

Калі раней для змены балансу сілаў патрабаваліся дзесяцігоддзі, то цяпер — гады.

Еўрапейцы таксама баяцца сітуацыі, калі Кітай уступіць у вайну з ЗША — ядзерную ці няядзерную, за Тайвань ці ў іншым месцы. Такая вайна запатрабуе ўсіх сілаў ЗША, а абарона Еўропы застанецца на саміх еўрапейцах — прычым ва ўмовах поўнага разрыву ранейшых гаспадарчых сувязяў, паставак камплектоўных з Кітая і Азіі, калі папоўніць рэзервы стане немагчыма або цяжка. Вось на выпадак такой сітуацыі Еўропа мусіць быць дастаткова падрыхтаваная, каб супрацьстаяць Расіі.

Сітуацыя ўскладняецца тым, што ў многіх еўрапейскіх краінах людзі не гатовыя браць зброю і ваяваць. Гэта значыць, ваяваць давядзецца адносна малымі сіламі. Сітуацыя ўскладняецца і тым, што дальнабойнасць і хуткасць зброі значна ўзрасла за апошні час, а наяўных сродкаў СПА замала, каб падавіць тую колькасць дронаў, якую вырабляе Расія. 

Таму: непасрэднай пагрозы вайны заўтра няма, але сітуацыя можа змяніцца праз пару гадоў.

Самы імаверны сцэнар у выпадку, калі ЗША, Еўропа і Расія не дасягнуць «новай Ялты, новых Хельсінкаў» — гэта захаванне напружанасці і гібрыдныя дзеянні Расіі і Беларусі (дыверсіі, падкопы, умяшанне ў выбары, масавая дэзынфармацыя, іншыя паскудствы накшталт мігрантаў і шароў, якія мы ўжо бачылі), супрацьстаяць якім пакуль не асабліва ясна як.

Многае залежыць і ад планаў Кітая, якіх ніхто дакладна не ведае. Ці трэба Кітаю моцны і самастойны Еўрасаюз? Ці хацеў бы Кітай, каб Еўрасаюз трапіў пад кантроль Расіі? Па логіцы геапалітыкі, хутчэй першае. Але для ажыццяўлення яго непасрэдных планаў (Тайвань) аслабленне Захаду Кітаю патрэбнае. Кітай можа хацець аслаблення і Расіі, і Захаду адначасова.

Што важна разумець: памятаеце, як усе чакалі падзення Украіны, а яна выстаяла? Расія аказалася заслабой ва ўсіх планах, акрамя прапаганды і піяру, каб паваліць Украіну. Дык вось, Еўропа ў 10 разоў мацнейшая за Украіну.

Мы мусім адсочваць прапаганду, але нельга трапляць да яе ў палон. Тая самая Польшча мацнейшая за Украіну па ўсіх параметрах. І калі паўстане экзістэнцыйная пагроза, то і палякі, і немцы, і фіны, і нават маленькія эстонцы будуць біцца з Расіяй насмерць. Я думаю, што, апёкшыся на Украіне, Расія гэта будзе разумець. Яна будзе спрабаваць падтачыць і купіць Еўропу з сярэдзіны, як купляла многіх еўрапейскіх палітыкаў.

Але нават купіўшы ва Украіне Януковіча, Азарава, Дзеркача, Медвядчука, ключавых персанажаў, яна не змагла яе паваліць. І дзе ёй купіць эстонцаў ці фінаў?

Расея будзе старацца распальваць нацыяналізмы і экстрэмізмы, сутыкаць нацыі Еўропы паміж сабою, страўліваць. У гэтым найбольшая небяспека пакуль, а не ў гарачай вайне.

Тут тая сітуацыя (вельмі часта яна ў жыцці сустракаецца), калі страх страшнейшы за саму небяспеку, калі страх можа нарабіць больш бяды, чым сама пагроза. Бойцеся! Бойцеся! Бойцеся! — крычаць беларускія і расійскія азаронкі.

А што да ваяжу ў Аман, то арабскі кірунак быў у Лукашэнкаў заўсёды. Там можна грошы:

1) выгадна ўкладаць;
2) выгадна прыцягваць;
3) выгадна хаваць.

Прычым тут вайна? Лукашэнка і сыны здаўна пасвяцца ў ААЭ. А цяпер проста знайшлі яшчэ пляцоўку ў тым жа рэгіёне. 

Чытайце таксама:

Версія Чалага: Лукашэнка ведае пра планы Пуціна па вайне з Еўропай, таму выводзіць грошы

Эйсмант паспрабавала патлумачыць, чаму Лукашэнка рэгулярна некуды прападае. Гэта ўсё з-за няспынных дакладаў

Лукашэнка на перамовах у Амане ўставіў такое слова, што перакладчыца на арабскую разгубілася

Сямейныя інтарэсы перасталі аддзяляцца ад дзяржаўных нават фармальна. Што хаваецца за паўднёвым ваяжам Лукашэнкі

Каментары да артыкула