БЕЛ Ł РУС

Апублікавалі новыя фота з архіва Джэфры Эпштэйна. На іх ёсць і Трамп

12.12.2025 / 19:28

Nashaniva.com

Прадстаўнікі Дэмакратычнай партыі ЗША з Камітэта па наглядзе Палаты прадстаўнікоў апублікавалі новую партыю фотаздымкаў з архіваў скандальнага бізнэсмена Джэфры Эпштэйна. На гэтых здымках ён бачны ў кампаніі вядомых амерыканцаў, у тым ліку цяперашняга прэзідэнта Дональда Трампа, былога дарадцы Трампа Стыва Бенана, былога прэзідэнта-дэмакрата Біла Клінтана, прадпрымальніка Біла Гейтса і рэжысёра Вудзі Алена.

Член Камітэта па наглядзе Палаты прадстаўнікоў ад Дэмакратычнай партыі Роберт Гарсія заявіў, што гэтыя фота выклікаюць яшчэ больш пытанняў адносна Эпштэйна і яго сувязі з уплывовымі асобамі, што прыйшоў час спыніць хаванне праўды Белым домам і дамагчыся справядлівасці для ахвяр Эпштэйна.

Сярод апублікаваных кадраў ёсць здымкі міскі з прэзерватывамі, на якіх намаляваны карыкатурны твар Трампа з надпісам «Я ВЯЛІЗНЫ!». На іншым здымку Трамп стаіць з шасцю жанчынамі ў гірляндах з кветак, чые твары былі зацэнзураваныя Камітэтам па наглядзе.

Раней дэмакраты таксама апублікавалі лісты Эпштэйна, у якіх ён сцвярджаў, што Трамп правёў некалькі гадзін з адной з вядомых абвiнаваўцаў Эпштэйна, Вірджыніяй Джуфрэ. Пасля публікацыі гэтых лістоў Трамп і Белы дом назвалі гэта «містыфікацыяй».

Злева направа — Дональд Трамп і Джэфры Эпштэйн

У цэнтры былы прэзідэнт ЗША Біл Клінтан, крайні справа — Джэфры Эпштэйн

Фінансіста Джэфры Эпштэйна абвінавачвалі ў гандлі людзьмі з мэтай іх сэксуалізаванай эксплуатацыі. Паводле версіі следства, бізнэсмен атрымліваў сэксуальныя паслугі ад непаўналетніх дзяўчат і «пазычаў» іх уплывовым людзям.

У 2008 годзе ён прызнаў віну па справе аб падбухторванні да прастытуцыі, у тым ліку ў дачыненні да непаўналетніх, і быў асуджаны да 18 месяцаў зняволення, якія адседзеў не цалкам. У 2011 годзе Эпштэйн выйшаў на волю, адбыўшы 13 месяцаў у турме.

7 ліпеня 2019 годзе яго зноў арыштавалі, а праз месяц, 10 жніўня, бізнэсмен здзейсніў самагубства ў турэмнай камеры ў Нью-Ёрку. Яму пагражала да 45 гадоў зняволення, і супраць фінансіста гатовыя былі сведчыць дзясяткі сведкаў і пацярпелых.

Дональд Трамп і Джэфры Эпштэйн сябравалі на працягу многіх гадоў, але ў сярэдзіне 2000-х, як казаў Трамп, пасварыліся.

Раней сяброўства з Эпштэйнам і ўдзел у яго сэкс-вечарынках каштавалі тытула прынца брату караля Вялікабрытаніі Карла III Эндру.

Чытайце таксама:

Трамп падпісаў закон аб публікацыі «файлаў Эпштэйна»

Палата прадстаўнікоў ЗША прагаласавала за раскрыццё «файлаў Эпштэйна». Сенат прыняў гэтую пастанову без абмеркавання

Трамп, Пуцін, гомасэксуальныя кантакты і іншыя брудныя намёкі — у ЗША апублікавалі 20 тысяч файлаў Эпштэйна

Трамп загадаў расследаваць магчымыя сувязі Эпштэйна з Клінтанам і банкірамі. Мінюст ЗША падпарадкаваўся

У ЗША апублікавалі новыя лісты па справе Джэфры Эпштэйна, якія дыскрэдытуюць Трампа

Каментары да артыкула