Урад Літвы не атрымліваў паведамлення пра намер Ціханоўскай пакінуць Вільню
Пасля з’яўлення інфармацыі, што Офіс Святланы Ціханоўскай можа пераехаць з Вільні ў Варшаву, прэм’ер-міністарка Літвы Інгa Ругінене заявіла, што афіцыйных паведамленняў пра такі крок урад не атрымліваў, паведамляе Elta.lt.
Святлана Ціханоўская. Фота: прэс-служба Ціханоўскай
Інга Ругінене падкрэсліла, што калі Ціханоўская прыме рашэнне пакінуць Літву, гэта будзе яе асабісты выбар.
Паводле слоў кіраўніцы літоўскага ўрада, Літва заўсёды забяспечвала Ціханоўскай і яе камандзе ўсебаковую падтрымку, у тым ліку кругласутачную ахову.
10 снежня паведамлялася, што Ціханоўская і частка яе Офісу рыхтуюцца да пераезду ў Варшаву, аднак канкрэтная дата не вядомая. Па інфармацыі «Наша Нівы», рашэнне ўжо было прынятае.
Пазней галоўны дарадца Ціханоўскай Франак Вячорка заявіў, што «ніякага рашэння пра пераезд няма».
Тое ж сказаў у каментары «Люстэрку» дыпламатычны дарадца Ціханоўскай Дзяніс Кучынскі. Ён заявіў, што інфармацыя пра нібыта пераезд не пацверджаная. Ён адзначыў, што канчатковае рашэнне яшчэ не прынята, а пытанні бяспекі ўсё яшчэ абмяркоўваюцца з уладамі Літвы. Па яго словах, на наступным тыдні Ціханоўская будзе працаваць яшчэ ў Вільні.
Каманда Ціханоўскай працягвае працу ў звычайным рэжыме. Учора сама дэмакратычная лідарка знаходзілася ў Осла, сёння ў Рыме, але праз некалькі дзён вернецца ў Вільню. Дзяніс Кучынскі падкрэсліў, што ключавым фактарам пры любым рашэнні будзе афіцыйная пазіцыя Літвы.
Раней Літва прыняла рашэнне скараціць фізічную ахову Ціханоўскай: з 1 кастрычніка яе ахова перайшла ад Службы аховы кіраўнікоў дзяржавы да паліцыі.
Чытайце таксама:
Ціханоўская ўзяла ўдзел у цырымоніі ўручэння Нобелеўскай прэміі міру
Вячорка: Ніякага рашэння пра пераезд Ціханоўскай няма
Офіс Ціханоўскай пераязджае ў Польшчу
Вячорка: Офіс Ціханоўскай пераедзе ў Польшчу? Не хацеў бы спекуляваць на гэтую тэму