У музычным шоу на АНТ на сцэну выбеглі байцы САХРа з аўтаматамі і пачалі страляць
«Любімую не аддаюць», — пракаментаваў член журы, прыдворны прадзюсар Яўген Алейнік.
Тут і далей скрын відэа: zvezdnyjput / YouTube
«Музычная медыякампанія» (звязаная з Ганнай Сялук) разам з АНТ і Федэрацыяй прафсаюзаў Беларусі робяць музычны тэлепраект «Зорны шлях».
Днямі паказалі чвэрцьфінал новага сезона праекта, дзе ўдзельнічалі прадстаўнікі Мінскай вобласці. У журы сядзелі спявак Тэа (Юрый Вашчук), мастацкі кіраўнік групы «Беларусы» Валерый Шмат, дырэктар і прадзюсар «Музычнай медыякампаніі» Андрэй Гузель, прадзюсар Яўген Алейнік, спявачка і дацэнт Універсітэта культуры Ірына Дарафеева.
Рэпертуар выканаўцаў быў разнастайны: ад «Лявоніхі» да «Міру мір». Але шакаваў сваім нумарам падапечны Ірыны Дарафеевай — старшы афіцэр групы баявой падрыхтоўкі Цэнтра баявой падрыхтоўкі і спорту в/ч 3214 капітан Андрэй Рыбачонак. Ён выканаў песню Леаніда Агуціна «Мяжа» («Граница»).
Спачатку на сцэне спеваку дапамагалі маладыя людзі, апранутыя ў камуфляж і берцы. У такт мелодыі яны маршыравалі, адціскаліся ад падлогі, выстаўлялі рукі, быццам трымаюць аўтаматы і прыцэльваюцца. Нічога асаблівага, здавалася б.
Але раптам пасярод песні на сцэну зверху спусцілася «група захопу» ў форме з надпісамі «САХР» (спецыяльны атрад хуткага рэагавання) на спіне і з аўтаматамі ў руках. Яны разбегліся па розных кутах, быццам шукаючы злачынцаў. Да іх далучыліся вайскоўцы з аўчаркамі, якія таксама пачалі хадзіць па сцэне, быццам правяраючы яе на наяўнасць забароненых прадметаў.
«А я буду служить не в пограничных войсках,
Я буду служить во внутренних войсках,
Я буду ходить в фуражке, в сапогах,
Я вернусь домой в медалях, в орденах», —
спяваў у гэты час капітан, падкарэктаваўшы словы арыгінала, у якім гаворка ідзе толькі пра памежныя войскі.
Калі ж ён заспяваў наступны куплет пра паравоз, які «умчится прямо на границу», байцы незразумела навошта пачалі страляць з аўтаматаў.
У фінале ў адным шэрагу з салістам і падтанцоўкай стаяў вайсковец з закрытым тварам і аўчарка.
Журы і зала скандавалі: «Брава!» На пытанне, ці спадабалася выступленне, Яўген Алейнік адказаў: «Хлопцы стаяць на ахове таго самага парадку, дзякуючы якому мы з вамі тут так бестурботна бавім час. А яны вельмі часта не спяць і начамі, і тыднямі, і месяцамі. Таму нізкі вам паклон. Перадавайце, калі ласка, усім хлопцам, што «любімую не аддаюць».
Чытайце таксама:
Кампазітар Алейнік хоча стварыць форум для бічавання артыстаў, якія падтрымалі пратэсты ў 2020-м
Кампанія Ганны Сялук Лукашэнкі прадала караоке-шоу каналу СТБ за мільён еўра
Іван Эйсмант пахваліўся, што «Інтэрбачанне» ўстанавіла ў Беларусі рэкорд па тэлепраглядах