Чаму цяперашняя тушонка захоўваецца толькі 2 гады, а ў савецкія часы ў разы даўжэй?
Чаму ў часы СССР тушонка магла спакойна захоўвацца гадоў з 10, а сучасныя вытворцы абмяжоўваюць тэрмін прыдатнасці сваёй прадукцыі 2‑3 гадамі? Гэта звязана з якасцю мяса, з якога гатуюць тушонку, ці абумоўлена нейкімі «сакрэтнымі тэхналогіямі», якія нібыта былі страчаныя пасля распаду Саюза? Дырэктарка малдаўскага мясакамбіната Mezellini Анжэла Геаргіца раскрыла вытворчыя таямніцы, піша Telegraf.news.
Фота ілюстрацыйнае
Па словах кіраўніцы мясакамбіната, скарачэнне тэрміну прыдатнасці ніяк не звязана з якасцю самога прадукту.
Мяса тут увогуле ні пры чым. Уся справа ў матэрыялах, з якіх рабілі тару. Раней тушонку закатвалі ў метал значна большай таўшчыні, што забяспечвала лепшую захаванасць мяснога прадукту.
Геаргіца наглядна прадэманстравала, як адрозніваецца вага старой савецкай кансервавай банкі ад сучаснай — 69 грамаў супраць 34 грамаў. Гэта значыць, вагу тары паменшылі ўдвая.
Больш за тое, вайсковую тушонку са стратэгічных запасаў (часцей за ўсё ў каментарах згадвалі менавіта яе, як доказ якасці) захоўвалі ў асаблівых умовах — у прамасленай паперы або ў парафіне і ў драўляных скрынках, без папяровых этыкетак. Іх наляплялі асобна, ужо пасля адкрыцця скрыні. У такіх умовах тушонку сапраўды маглі захоўваць дзесяцігоддзе, хоць заводы, у адпаведнасці з дзяржстандартамі, якія тады дзейнічалі (ГОСТ 8284-84) вызначалі тэрмін прыдатнасці ўсяго ў 6 гадоў.
Цяпер жа, зразумела, ніхто тушонку ў такіх умовах не захоўвае. Больш за тое, па словах Геаргіцы, да 90% тушонкі ў нашы дні выпускаецца не ў бляшанках, а ў шкляной тары. Яе, па словах дырэктара мясакамбіната, значна больш ахвотна купляюць, паколькі людзі «не давяраюць» вытворцам на слова і самі «хочуць бачыць — ёсць там мяса ці не».
У такой шкляной тары ёсць «слабое месца» — металічная крышка. Менавіта з-за яе тэрмін прыдатнасці абмяжоўваецца двума-трыма гадамі, далей крышка можа акісляцца і можа пачынацца карозія металу, з-за чаго парушаецца герметычнасць слоіка, а мяса пратухае.
Дарэчы, менавіта таму пры куплі тушонкі варта ўважліва аглядаць банку — як шкляную, так і металічную. Пры механічным пашкоджанні металічнай тары — моцных увагнутасцях — або з'яўленні ржы можа пашкоджвацца спецыяльны ахоўны пласт унутры, так што ўжыванне тушонкі з пашкоджанай тары можа быць небяспечным для здароўя.
Аднак, па словах Геаргіцы, для сучасных вытворцаў у такіх «часавых абмежаваннях» новых тэхналогій ніякай праблемы няма. Дырэктарка патлумачыла, што пры адсутнасці дэфіцыту мясной прадукцыі пакупнікам няма неабходнасці рабіць такія доўгатэрміновыя запасы, таму і вытворцам няма сэнсу выкручвацца ў спробах падоўжыць тэрмін прыдатнасці тушонкі, якая, хутчэй за ўсё, будзе з'едзена адразу ж пасля пакупкі.
«Начынка якасная — я за гэта адказваю. Проста няма задачы захоўваць доўга», — патлумачыла Геаргіца.
Чытайце таксама:
Дырэктарка мясакамбіната расказала, як трэба правільна наразаць каўбасу
У Грузіі прадаюцца вельмі нясмачныя беларускія катлеты. Але ці насамрэч яны беларускія?