БЕЛ Ł РУС

Беларусы вывешваюць у інтэрнэт рэквізіты сваіх банкаўскіх картак — усё гэта пад шыльдай каляднай гульні

8.12.2025 / 16:12

Міра Нікановіч

Гульня ў таемнага Санту — даўно вядомая забава: перад Калядамі людзі абменьваюцца падарункамі, не кажучы, ад каго яны. Цяпер старую гульню падхапілі ў Threads, але яе далёка не ўсе разумеюць.

Фота: pickpik.com

Трэнд, пра які ідзе гаворка, захапіў таксама Расію і Казахстан, але і беларусы актыўна ў ім удзельнічаюць. Ідэя ў тым, каб напісаць у Threads пост з нумарам сваёй карткі або пакінуць гэты нумар у каментарах да аналагічных допісаў. Паралельна з гэтым, калі хочаш паўдзельнічаць, трэба пераводзіць грошы на картку іншым удзельнікам.

Цяпер у Threads сотні такіх паведамленняў. Карыстальнікі не толькі пакідаюць нумар карткі, але і даюць невялічкія тлумачэнні таго, якія калядныя падарункі яны сабе набудуць на пераведзеныя грошы:

«Хочацца навагодняга цуду. Мо тут парадуюць, таму што больш няма каму».

«Я проста стамілася быць машынай, хочацца дзяўчынцы 33 гадоў паверыць у цуд».

«Сабачку на аперацыю».

«На елачку пад столь. Хачу зладзіць сваёй малой навагодні цуд».

«Бабуля ў дэкрэце, хачу парадаваць свайго двухгадовага ўнучка».

Былі і заклікі ад людзей, якім патрэбны не проста падарунак, а сапраўдная фінансавая дапамога. Напрыклад, прасілі скінуць грошай, каб можна было набыць прадукты на Каляды. Свой каментар пакінула маці-адзіночка, якая пяць гадоў выхоўвае сына без бацькі. Цяпер малому 7 гадоў, і ён прасіў у Дзеда Мароза тату і камп’ютар — жанчына папрасіла дапамагчы з грошамі на апошняе.

Мяркуючы з каментароў, некаторыя ўдзельнікі сапраўды пераводзяць грошы іншым. Але, што не дзіва, большасць людзей больш настроеная атрымліваць пераводы, а не спрабаваць сябе ў ролі таемных Сантаў.

Не ўсім, аднак, падабаецца такая забава. Адзін з карыстальнікаў твітара раскрытыкаваў акцыю:

«Людзі ў Беларусі масава з’ехалі з глузду і зліваюць свае асабістыя даныя. Як імі скарыстаюцца махляры, мы хутка даведаемся. Калі ласка, распавядзіце блізкім, каб не верылі ў гэтыя цуды».

Насамрэч немагчыма атрымаць доступ да сродкаў на картцы, маючы толькі яе нумар. Для гэтага патрэбная і іншая інфармацыя, якая ёсць на адваротным баку карткі — напрыклад, яе тэрмін дзеяння і CVC/CVV код. Але ўсё роўна варта быць абачлівымі і не пакідаць у адкрытым доступе нават частку інфармацыі, якая можа дапамагчы махлярам вас ашукаць.

Чытайце таксама:

У Расіі паказваюць шоу пра п'яных зорак — глядзяць і беларусы

Яшчэ адзін мінскі гандлёвы цэнтр упрыгожылі да святаў — там спяваюць пінгвіны

«Бульбяны ложак»: новы вірусны трэнд, які абяцае найлепшы сон

Каментары да артыкула