8‑гадовую дзяўчынку з інваліднасцю не хацелі пускаць у мінскае кафэ. Казалі, што яе вазок займае шмат месца
Пра абуральную гісторыю стаўлення да цяжкахворай Каці Вінаградавай у кафэ Golden Coffee распавяла яе маці Аксана ў інстаграме.
Каця Вінаградава. Фота з яе старонкі ў Threads
Сама сям’я з Кобрына, у васьмігадовай Каці Вінаградавай цяжкае генетычные захворванне — спінальная цягліцавая атрафія. Якраз цяпер для дзяўчынкі спрабуюць сабраць больш за 1,8 мільёна даляраў на прэпарат Zolgensma.
Мяркуючы па інфармацыі ў сацыяльных сетках, адбылося ўсё ў суботу. У кампаніі былі сама Каця (дзяўчынка перасоўваецца на інваліднай калясцы) з маці, валанцёркі, а таксама Вераніка Касач — чэмпіёнка свету і Еўропы па спартыўных танцах на інвалідных вазках.
У гандлёвым цэнтры «Дана Мол», які штогод перад Новым годам карыстаецца шалёнай папулярнасцю праз свае шыкоўныя дэкарацыі, яны вырашылі зайсці ў кафэ Golden Coffee, каб з’есці дэсерт.
Але ж, па словах Аксаны Вінаградавай, іх не хацелі пускаць у кафэ праз тое, што Каця і Вераніка былі на інвалідных вазках. Супрацоўнікі Golden Coffee казалі, што вазкі будуць перашкаджаць руху іншых гасцей, а таксама афіцыянтаў.
Пасля таго, як у супрацоўнікаў кафэ запатрабавалі кнігу скарг і прапаноў, тыя ўсё ж дазволілі кампаніі заняць месцы і зрабіць замову.
У інстаграме Аксаны Вінаградавай з’явіўся абуральны допіс: «А вы кажаце, чаму ў мамы рукі апускаюцца. Дык таму, што людзі злыя, таму, што кожны дзень неабходна сутыкацца з такімі сітуацыямі».
Яна просіць Golden Coffee пераглядзець свае каштоўнасці і стаўленне да дзяцей з інваліднасцю.
Пакуль дырэкцыя Golden Coffee ніяк не каментавала сітуацыю, хоць шмат абураных людзей тэгаюць акаўнт кафэ і патрабуюць адказу.
Але адна з валанцёрак, якія дапамагаюць Каці і яе маці, напісала, што з ёй выйшла на сувязь дырэктарка Golden Coffee. Тая выбачылася і паабяцала патэлефанаваць пазней, калі пераглядзіць запісы з камер відэаназірання.
Чытайце таксама:
«Я хачу пазбавіцца ўсіх кліентаў з ноўтбукамі!»: уладальнік сталічнай кавярні падзяліўся болем